“Сілічы”: Праз падаражанне мы адвялі не сваю мэтавую аўдыторыю
Тыдзень у “Сілічах” каштуе ўсяго на $13 танней за карпацкі “Букавель”. Для беларусаў “пакатушкі” падаражэлі ў 2-3 разы, а замежнікі павышэння коштаў не адчуюць.
Гарналыжны комплекс “Сілічы” абвясціў кошты на новы сезон. Беларускія аматары лыжнага спорту ў шоку: асобныя паслугі падаражэлі больш як у тры разы! Напрыклад, дзённы SkiPass, абанемент на пад’ёмнік, на выхадны дзень каштуе 185 тысяч рублёў. А ў мінулым сезоне абыходзіўся ў 60 тысяч.
“Я і мая кампанія — усе мае сябры, а гэта чалавек сорак — ледзь не штодня прыязджалі ў "Сілічы". Каталіся, пакідалі там грошы. Пілі каву, набывалі нешта ў кавярні. Карацей, былі сталымі кліентамі. Зараз мы гэта сабе дазволіць не зможам. Нам застаецца толькі знайсці якую-небудзь горку ў двары і катацца з яе”, — скардзіцца Еўрарадыё сноўбардыстка Марыя.
Азадачаныя падаражаннем і замежнікі, якія прыгледзелі “Сілічы” для зімовага адпачынку. “Народ чухае рэпу, лічыць грошы і пазірае ў бок Аўстрыі”, — адкаментаваў павышэнне коштаў адзін з наведвальнікаў форума Extreme.by. “У Букавелі [гарналыжны комплекс ва ўкраінскіх Карпатах. — Заўв. Еўрарадыё] SkiPass на 100 пад’ёмаў каштуе 70 долараў. Ці 0,7 за адзін пад’ём”, — дзеліцца досведам іншы. Гэта амаль у тры разы танней, чым на беларускіх схілах.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі будзе каштаваць тыднёвы адпачынак на дваіх у “Сілічах”, і параўнаць гэтую лічбу з коштам адпачынку ў “Букавелі”.
“Самы танны варыянт — гэта двухмесны аднапакаёвы нумар. Яны ёсць вольныя з 9 студзеня. У зімовы тур уваходзіць пражыванне, трохразовае харчаванне, наведванне катка і паслугі канатнай дарогі. На аднаго чалавека з панядзелка па нядзелю — 3 мільёны 285 тысяч 500 рублёў”, — распавялі нам у "Сілічах".
Дададзім да гэтага кошт камплекта гарналыжнага рыштунку — 140 тысяч * 5 за буднія дні + 180 тысяч * 2 за выхадныя. Гэта танны рыштунак: амуніцыя класа “прэміум” каштуе даражэй. У суме атрымліваецца 4 мільёны 345 тысяч 500 рублёў з чалавека. Ці 496 долараў паводле курсу Нацбанка.
Цяпер ідзем на сайт “Букавеля”. Гатэль узімку можна замовіць толькі “пакетам” — на 4 ці на 8 дзён. Замаўляем на 8. Самы танны нумар на два ложкі ў гатэлі на тэрыторыі курорта — 5 тысяч 24 грыўны. У кошт уключаны толькі сняданак. Ад гэтай лічбы адымаем 15% — зніжку за тое, што замаўляем нумар больш чым за 30 дзён да заезду. Атрымліваецца 2 тысячы 135 грыўнаў з чалавека. Пад'ёмнік на 7 дзён — 1 тысяча 339 грыўнаў з чалавека. Пракат рыштунку (не самага новага) — 85 * 7 грыўнаў за дзень. Атрымліваецца 509 долараў.
У “Сілічах” падаражанне тлумачаць неабходнасцю акупіць рыштунак і абсталяванне, якім гарналыжны цэнтр абзавёўся ў лыжнае міжсезонне.
“Ну, мы ж усё абсталяванне набываем. Лыжы, палкі, санкі. Пасадачны канвеер новы. Гэта ўсё ідзе з Еўропы! І разлічваемся мы з імі “жывымі” доларамі і еўра! А там ім усё роўна, крызіс у нас тут ці не крызіс. Як была пара лыж Fisher летась 80 долараў, так і засталася 80 долараў. Мы памянялі каля 30% лыжаў. І што, 10 гадоў іх “адбіваць”, пакуль яны зусім не даламаюцца? А лыжы “ходзяць” год, максімум — два”, — распавялі Еўрарадыё ў аддзеле маркетынгу “Сілічаў”.
Тры гадзіны катання ў "Сілічах" у выхадны дзень цяпер каштуюць 195 тысяч з чалавека. Гэтая сума ўключае пракат лыжаў, палак і ботаў + пад’ёмнік. Такі ж камплект, але з рыштункам класа “прэміум” (на форуме беларускіх экстрэмалаў кажуць, што гэта “не зусім дабітыя” рэчы) каштуе ўжо 280 тысяч…
“Карацей, на дваіх трэба аддаць як мінімум 400 тысяч, — працягвае Марыя. — Не думаю, што звычайныя беларусы зараз здольныя на такія выдаткі. Спорт раптам стаў вельмі дарагой штукай…”
Для паўнаты карціны дададзім, што месяцовы абанемент у “Сілічах” зараз каштуе 4 мільёны 100 тысяч рублёў, ці амаль два сярэднія заробкі беларуса.
“Калі браць у доларавым эквіваленце, дык кошты па некаторых пазіцыях нават адсоткаў на 15 пайшлі ўніз”, — адказваюць на гэта ў “Сілічах”. І дадаюць: “Проста мы адвялі не сваю мэтавую аўдыторыю!”
Такім чынам, для замежных турыстаў “Сілічы” ў параўнанні з мінулым годам не падаражэлі. У адрозненне ад айчынных аматараў лыжнага спорту. Тым не менш, на гарналыжным цэнтры спадзяюцца захаваць 90 тысяч беларусаў, якія наведвалі "Сілічы" ў мінулым сезоне.
Дарэчы, за некалькі “лыжных” месяцаў сезона 2010/11 “Сілічы” наведала 350 тысяч турыстаў. Часам на гарналыжны комплекс заязджала па 3 тысячы чалавек за дзень.
Фота: turist.by.