Што б вы зрабілі брэндам Мінска?
Скульптуры Уладзіміра Жбанава, Нацыянальная бібліятэка, чысціня і любоў мінчукоў да сталіцы ― у лідарах па выніках вулічнай апытанкі Еўрарадыё.
Мінгарвыканкам ізноў абвясціў конкурс на брэнд Мінска. З гэтай нагоды Еўрарадыё запыталася ў мінакоў на мінскіх вуліцах, што яны бачаць у якасці брэнда беларускай сталіцы.
Еўрарадыё: Што вы зрабілі б брэндам Мінска?
Мужчына: А што азначае слова “брэнд”? Я не вельмі разумею інастраншчыну ўсякую. Давайце на беларускай мове, без усякіх гэтых выкрутасаў.
Еўрарадыё: Тады можна сказаць: сімвалам!
Мужчына: Сімвалы Мінска мяне цалкам задавальняюць. І герб, і сцяг. А на ўсякія бела-чырвона-белыя я не клюю!
Еўрарадыё: Што вы зрабілі б брэндам Мінска?
Хлопец: Нацыянальную бібліятэку!
Еўрарадыё: Чаму?
Хлопец: Вельмі падабаецца мне. Уночы такая сімпатычная…
Дзяўчына: А што б я зрабіла брэндам Мінска… Не ведаю. Гэта ж будынак нейкі трэба, не?
Еўрарадыё: Можна і будынак.
Дзяўчына: Тады вось гэтую кропку адліку. Нулявы кіламетр.
Еўрарадыё: Што вы зрабілі б брэндам Мінска?
Хлопец: Хутчэй за ўсё, не толькі Мінска, але і ўсёй Беларусі ― чысціню.
Еўрарадыё: Але як яе ўвасобіць у брэнд?
Хлопец: Не ведаю, але гэта не мае праблемы.
Еўрарадыё: Што вы зрабілі б брэндам Мінска?
Дзяўчына: Напэўна, нашыя садова-паркавыя скульптуры. Наколькі я ведаю, мае сяброўкі з Расіі – з Масквы і з больш далёкіх гарадоў ― лічаць скульптуры Уладзіміра Жбанава вельмі адметнай рысай нашага горада. Заўсёды іх тут у нас фатаграфуюць і заўсёды хваляцца імі ў сябе на радзіме.
Еўрарадыё: Што вы зрабілі б брэндам Мінска?
Мужчына: Якую-небудзь статую. Што-небудзь прыгожае, нацыянальнае, беларускае.
Еўрарадыё: Але ці ёсць у Мінску такое?
Мужчына: Ну вось каб было…
Дзяўчына: А я б Траецкае прадмесце зрабіла брэндам!
Еўрарадыё: Што вы зрабілі б брэндам Мінска?
Мужчына: Брэндам Мінска… А можа, брэндам Беларусі? Бо гэта вельмі дробна ― брэнд Мінска.
Еўрарадыё: Але шмат у якіх сталіцаў ёсць брэнд. У Парыжа ― Эйфелева вежа, у Лондана ― Біг Бэн…
Мужчына: Вельмі складанае пытанне.
Еўрарадыё: Дык можа, не здзекавацца з вас?
Мужчына: Не, я хачу на яго адказаць. Але вось брэнд Мінска… што ж у нас тут у Мінску такое вырабляецца? Вось калі б вы запыталіся пра брэнд Беларусі, я адразу адказаў бы.
Еўрарадыё: Ну а што б вы зрабілі брэндам Беларусі?
Мужчына: А вось таксама трэба падумаць!
Еўрарадыё: Давайце, як у “Што? Дзе? Калі?”: даю вам хвіліну на абмеркаванне!
Мужчына: А саву дасцё пасля?
Еўрарадыё: Не!
Мужчына: Брэнд Мінска, што можна сказаць. Мінск, Менск… Падабраць нават няма чаго. Цікавы горад. Цікавая Беларусь. Я люблю гэтую краіну! Я хачу адсюль зляцець куды-небудзь у Амерыку, у ЗША. Але я не хачу! Бо гэта мая радзіма, мая краіна. Я люблю яе.
Еўрарадыё: Дык што, можна любоў грамадзянаў да свайго горада зрабіць брэндам Мінска?
Мужчына: Так! Вось у тым-та і справа! Любоў да сваёй краіны, любоў да свайго горада. Вось і ўсё!
Фота: www.minsk.nemiga.info.