Сёння працягнуцца суды над удзельнікамі Плошчы
Суд Фрунзенскага раёна Мінска пачне разгляд справы Някляева, Рымашэўскага, Дзмітрыева, Фядуты, Палажанкі і Вазняка.
Сёння суд Фрунзенскага раёна Мінска пачне разгляд крымінальнай справы Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Насты Палажанка і Сяргея Вазняка. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Суд Партызанскага раёна Мінска сёння працягне разгляд крымінальнай справы за арганізацыю масавых беспарадкаў Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзіміра Яроменкі. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. На ранейшым паседжанні Саннікаў і Мірзаянаў не прыўзнаў віны. Яроменак прызнаў . Гнедчык прызнаў віну часткова.
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска працягне разглядаць крымінальныя справы Уладзіміра Хамічэнкі, Дзмітрыя Дразда, Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасені і Паўла Вінаградава. Дрозд, Кіркевіч, Вінаградаў віну ва ўдзеле ў масавых беспарадках не прызналі. Хамічэнка прызнаў часткова. Пратасеня прызнаў віну цалкам. Пракурор просіць для Кіркевіча і Вінаградава 4 гады зняволення, для Дразда — 3,5 года, для Пратасені і Хамічэнкі — 3 гады.