Савету Еўропы параілі пашыраць сваю прысутнасць у Беларусі

Такое пажаданне выказаў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак падчас сустрэчы ў Мінску 10 красавіка з дырэктарам Савета Еўропы па палітычных пытаннях Аляксандрам Геселем.
130411_gulak.mp3
“Мне падаецца, што неабходна пашыраць магчымасці для дыялогу і павялічэння прысутнасці Савета Еўропы ў Беларусі”, — распавёў Еўрарадыё Алег Гулак.

Што тычыцца прысутнасці Беларусі ў Савеце Еўропы, то, лічыць Гулак, гэта магчыма толькі пасля крокаў насустрач з боку афіцыйнага Мінска. А каб такія крокі беларускія ўлады зрабілі, "неабходны дыялог".

Аляксандр Гесель наведаў Беларусь 10-11 красавіка. І факт візіту цікавы тым, што ў 2010 годзе, пасля выканання чарговых смяротных прысудаў, ПАСЕ афіцыйна рэкамендаваў сваім сябрам не наведваць нашу краіну.

Нагадаем, Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы. Прычына — у наяўнасці ў нашай краіны смяротнага пакарання. Што да візіту Геселя, то 10 красавіка ён выступіў у БДУ з лекцыяй аб ролі Савета Еўропы на еўрапейскім кантыненце. Лекцыя стала першай з запланаваных у межах дзейнасці ў Мінску інфапункта Савета Еўропы на 2013 год.

Фота — msps.su