Рымашэўскі: Падзеі на плошчы — мая персанальная адказнасць

Атрымаць адказ на пытанне, ці быў усё у каго з кандыдатаў у прэзідэнты рэальны план Плошчы і наколькі ён ажыццявіўся, спрабавалі журналісты падчас круглага стала, прысвечанага гадавіне прэзідэнцкіх выбараў і падзей пасля іх. Але ўцямна ніхто з прысутных так і не адказаў. Прынамсі, ніхто так і не раскрыў ніякіх падрабязнасцяў. Як, да прыкладу, давераная асоба Андрэя Саннікава Віктар Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч: “План быў, пазіцыя іншых была вядомая і мы планавалі з улікам ведання пазіцыі іншых”.




Але калі ў яго папрасілі ўдакладніць адказ, коратка дадаў, што ўвесь план складаўся ў мірным супраціве. Быў нікому не вядомы план і ў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на чале з Віталём Рымашэўскім.

Віталь Рымашэўскі: “Мы не абвяшчалі свайго асабістага плана, ведаючы, што гэта можа выклікаць негатыўную рэакцыю з боку іншых штабаў, і тады можа з’явіцца 2, 3, 4 планы. Мы дамовіліся, што на Плошчы, калі мы туды прыйдзем, наконт любых дзеянняў будзем дамаўляцца супольна”.

Анатоль Лябедзька шчыра прызнаўся, што ў іх партыі ніякага плана Плошчы не было, і пра планы іншых кандыдатаў у АГП не ведалі. А Рыгор Кастусёў дадае: думалі на месцы з’арыентавацца.



Рыгор Кастусёў: “Я нічыіх планаў не ведаў, але была дамоўленасць, нейкім чынам камунікаваць на Кастрычніцкай плошчы. І, на жаль, не ўсе дамоўленасці, якія былі ўзгодненыя там, вытрымаліся на Плошчы”.



Вось толькі, што гэта былі за “ўзгодненасці” і па чыёй віне яны не вытрымаліся, так не прызнаўся. У кампаніі “Гавары праўду” наадварот план быў распрацаваны дасканала. Прынамсі, пра гэта заявіў актывіст кампаніі Міхась Пашкевіч.
 
“Плошчу мусіў распачаць вялікі канцэрт. Такі ж, які быў на плошчы Свабоды і ля Чыгуначнага вакзала, — прыгадвае Пашкевіч. — Гэта быў лагічны працяг. Гэта тое, што мусіла адбыцца. І задачай нумар адзін было, каб нічога, акрамя гэтага не адбылося”.




Але ў выніку не спраўдзіліся планы ні тых, хто іх меў, ні тых, хто меркаваў распрацаваць іх на месцы. Як вынік: практычна ўсе назвалі Плошчу паражэннем апазіцыі. Адразу ўзнікла пытанне: “Ці не сорамна сёння палітыкам за тое, што напярэдадні 19 снежня яны заклікалі людзей прыйсці на непадрыхтаваную акцыю?”

“Мне не сорамна! — парыраваў Віктар Івашкевіч. — Быў заклік: “Хто за мной той герой!” Гэта вайна з рэжымам. І хто вырашыў, што не магу больш трываць ён пайшоў. Хто не вырашыў не пайшоў!”




Віталь Рымашэўскі з пэўным выклікам заявіў, што нясе персанальную маральную адказнасць за тое, што адбылося на плошчы.

Віталь Рымашэўскі: “Я нясу персанальную адказнасць за тое, што там адбылося. Я лічу, што гэта мая памылка, якая прывяла да, магчыма, ахвяраў. Але я лічу, што плённым зараз будзе не спіхваць адказнасць за тое, што адбылося, адзін на аднаго. А яшчэ горш на тых людзей, якія зараз за кратамі. Маральную адказнасць я нясу за тое, што не здолеў, як адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, як палітык, прадухіліць гэта. А юрыдычную павінны несці ўлады, якія здзяйснялі там злачынства збівалі людзей”.



Нягледзячы на ўсё гэта, саму прэзідэнцкую кампанію прадстаўнікі апазіцыі ацанілі станоўча. Хаця б таму, што нагадалі людзям пра сваё існаванне.

Фота: Змітра Лукашука