Рубінаў: У ВНУ паступаюць нават двоечнікі

110826 Martin Mozgi.mp3

“У БНТУ на бюджэт залічаны абітурыент, які набраў 148 балаў. А той, хто набраў 265, не прайшоў”, — старшыня камісіі па кантролі за ўступнай кампаніяй Анатоль Рубінаў параўноўвае ўмовы паступлення для ільготнікаў-сірот і тых, хто льготаў не мае. — “Дапамагаць трэба матэрыяльна, а льготаў на мазгі і на талент не мусіць быць”.


Цяпер чыноўнік выступае супраць ільготаў. Цікава, што раней менавіта чыноўнікі выказваліся за льготы для вяскоўцаў.

Рубінаў зважае, што сёння шмат дзевяцікласнікаў маюць невысокія адзнакі і вучацца да канца, а пасля паступаюць у ВНУ.

“Трэба было б весці гаворку аб тым, што ў дзясяты клас пераводзяцца тыя, хто мае пэўны ўзровень паспяховасці. А інакш трэба ісці ў тэхнікум ці прафесійна-тэхнічныя вучэльні. Так было ў Савецкім Саюзе”.


Паводле Старшыні Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, такая норма будзе матываваць вучняў. Згодна з Кодэксам аб адукацыі, які працуе ад 1 верасня, школа будзе мець права адлічыць вучня 16-ці год, калі той мае нулі па трох прадметах.

Праз такія выпадкі абітурыенты-двоечнікі набіраюць зусім маленькія балы па профільных прадметах. І ўсё адно паступаюць!

“У БНТУ на спецыяльнасць “Аўтаматызацыя кіравання энергетычнымі працэсамі” і “Аўтаматызаваныя электрапрывады” на платнае залічаныя абітурыенты, якія набралі па фізіцы — а гэта профільны прадмет — адзін бал”.


Тыдзень таму Еўрарадыё ўжо пісала пра гэтыя праблемы. Тады юнак, набраўшы 4 балы па матэматыцы, прайшоў на Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Цяпер чыноўнік прапануе ўвесці кантрольную мяжу па балах. Напрыклад, абітурыент, які не добра здаў профільны прадмет, не можа паступаць на той ці іншы факультэт.

Старшыня камісіі прапануе таксама зрабіць адзіны конкурс для сялян і гарадскіх. Бо ўзровень адукацыі — аднолькавы.

На пытанне Еўрарадыё аб будаўніцтве новых інтэрнатаў для студэнтаў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч узгадвае толькі 5-гадовую праграму аб развіцці адукацыі ў ВНУ. Маўляў, за 5 год праблема вырашыцца. Чыноўнік выказваецца і наконт кампенсацыі студэнтам, якія не атрымалі месца ў інтэрнаце.

“Праграма, падрыхтаваная ўрадам, прадугледжвае адрасную дапамогу для студэнтаў, якія не жывуць у інтэрнаце. Мы мяркуем, што гэта будзе 50% ад кошту арэнды жылля”, — гаворыць Сяргей Маскевіч.

Пакуль, праўда, невядома, якая гэта будзе сума і калі будзе аказаная такая дапамога. Цяпер жа студэнты маюць даплату ў раёне 20 тысяч рублёў.

Міністр адукацыі наракае, што сёння зніжаецца прэстыж педагагічных спецыяльнасцяў. Яно і не дзіўна, бо сярэдні заробак маладога настаўнікаў у школе складае каля 800 тысяч рублёў. Калі гэтыя грошы пералічыць на валюту па "чорным" курсе, атрымаецца толькі 100 долараў.

Фота: mygazeta.com