Родную сястру Сашы Варламава не пускаюць да брата
Рыма Шымчонак толькі перапісваецца з мадэльерам і дасылае перадачы. Яна непакоіцца, што ў турме ў брата зусім сапсуецца здароўе.
Саша Варламаў ужо амаль 40 дзён знаходзіцца за кратамі ў СІЗА на Валадарскага. Сястра мадэльера Рыма Шымчонак перапісваецца з ім і высылае перадачы. Яна непакоіцца, што ў турме ў брата зусім сапсуецца здароўе.
Еўрарадыё: Можа, вы бачыліся з Сашам?
Шымчонак: "Не. Яны сказалі мне, што я з’яўляюся сведкай. Мяне адзін раз выклікалі, запісалі як сведку і спаткацца з ім не далі. Яны абавязаныя былі папярэдзіць. Калі я даю паказанні, нават зусім мізэрныя, і калі яны пытаюць мяне і нешта запісваюць, а я пад гэтым распісваюся, я з’яўляюся сведкай. А мне пра гэта не сказалі. Ніякіх маіх правоў мне ніхто не патлумачыў. Яны патэлефанавалі і сказалі, што проста хочуць пагаварыць. Калі б я ведала пра гэта, я магла як сястра адмовіцца ад гэтых размоваў, але я ж гэтага не ведала”.
Еўрарадыё: Ці доўга доўжылася вашая размова?
Шымчонак: "Са мной гаварылі літаральна 10 хвілінаў, а пасля 2 гадзіны пісалі пратакол. А што я магу ведаць, калі я нікуды з Сашам не ездзіла, не працавала ў яго. Я сведка і не маю права на спатканне. А старэйшай сястры спаўняецца 70, ёй на гэтыя спатканні не вельмі зручна хадзіць. Цяпер пляменніца напісала заяву, паглядзім, што ёй адкажуць".
Еўрарадыё: Што піша Саша Варламаў у лістах?
Шымчонак: "Ён пісаў, што гэта ўсё трэба было даўно закончыць. Што яму надакучыла ваяваць за заробкі людзей, якія з ім працуюць, з міністэрствамі. Бо ніхто нідзе нічым не дапамагае, а вынік патрабуе. Зараз ён пра гэта не думае. Нават піша, што агідна ўзгадваць пра тое, што было. Цяпер яму абыякава. Ён нават не хоча пра той “Млын моды” думаць. Калі б ён быў вінаваты ў чымсьці, мог бы ўжо некалькі разоў з’ехаць за мяжу і застацца там. А ён кажа, маўляў, чаму я мушу бегчы, калі я не вінаваты ні ў чым?”.
Еўрарадыё: Як Саша сябе цяпер адчувае?
Шымчонак: "Можна ўявіць, як! Відавочна, дрэнна. У яго былі тры аперацыі на пазваночніку. Мусіла быць чацвёртая. Яму трэба кожныя дзве гадзіны мяняць паставу тулава, каб не было нагрузкі на пазваночнік. Натуральна, яму дрэнна, я ўяўляю, як яму дрэнна".
Еўрарадыё: А ці аглядае яго лекар?
Шымчонак: "Яны там нікому не патрэбныя. Калі паміраць не пачнеш, дык ніхто не пакліча гэтага лекара. Я памятаю, як гэта было перад аперацыяй. Ён не мог ні хадзіць, ні ляжаць, ні сядзець. Яму дрэнна было ў любой паставе".
Еўрарадыё: Магчыма, ён нешта прасіў у лістах?
Шымчонак: "Асабліва нічога не прасіў. Ведаем, што туды не бяруць мастацкую літаратуру. Вітаміны перадалі яму. Піша, што вітаміны добра для яго. Почырк стаў лепшы ўжо. Намагаецца нейкім чынам узняць настрой і сабе, і іншым. У іх у камеры 9 чалавек разам з ім".
Нагадаем, Сашу Варламава вінавацяць у прысваенні 120 тысяч еўра, якія ішлі на камандзіровачныя дэлегатам фестывалю “Млын моды”. 21 траўня ён быў арыштаваны і змешчаны пад варту. Пакуль невядома, калі справа Варламава будзе перададзена ў суд. Невядома таксама, ці можа мадэльер спадзявацца на змену меры стрымання.
Фота: udf.by