"Рэвалюцыянеры" у Бабруйску "захлопалі" старшыню гарвыканкама

У Бабруйску 29 чэрвеня на галоўнай плошчы горада адбывалася святкаванне Дня горада. Плошча была абнесена турнікетамі, а на праходах дзяжурылі міліцыянты. У якасці гледачоў на канцэрт ізноў сагналі вялікую колькасць "партыйцаў" — чальцоў "Белай Русі" і БРСМ'у.

Напачатку удзельнікі акцыі не маглі "знайсціся" сярод іншых людзей, якія прыйшлі на плошчу паслухаць "Песні, апаленыя вайной". Але хутка на тралейбусным прыпынку паміж дзвюма часткамі плошчы пачаў збірацца невялікі натоўп. Людзі пачалі пляскаць у далоні і гэта заўважылі іншыя "рэвалюцыянеры". За некалькі хвілін натоўп вырас да 70-100 чалавек.

Неўзабаве на акцыі з'явіліся галоўны ідэолаг горада Аляксандр Маркачоў і старшыня бабруйскага гарвыканкаму Дзмітрый Бонахаў. Хутка яны былі заціснуты ў шчыльнае колца людзей, якія хацелі задаць ім тыя ці іншыя пытанні. Але праз пэўны час многія адыходзілі расчараваныя, маўляў, абсалютна нічога канкрэтнага чыноўнікі не кажуць.

А 19.30 натоўп пачаў гучна пляскаць ў далоні і заглушыў словы Дзмітрыя Бонахава. Паступова натоўп вакол яго "самараспусціўся". Ніхто не быў затрыманы.