Расійскія пісьменнікі супраць рэпрэсіяў у Беларусі
Расійскі ПЭН-цэнтр размясціў на сайце гэтай сусветнай арганізацыі пісьменнікаў заяву датычна Беларусі.
"Мы абураныя рэпрэсіўнай палітыкай беларускіх уладаў і заклікаем калегаў ва ўсім свеце падняць голас пратэсту супраць падаўлення асноўных свабодаў у Беларусі", - гаворыцца ў заяве. Вядомы расійскі псіьменнік Аляксей Сіманаў распавёў Еўрарадыё, чаму расійскія пісьменнікі вырашылі напісаць такую заяву.
Еўрарадыё: З’явілася заява Расійскага ПЭН-цэнтра наконт сітуацыі ў Беларусі. Распавядзіце падрабязней, чаму расійскія пісьменнікі вырашылі напісаць такую заяву?
Сіманаў: “Па-пераше, расійскія пісьменнікі ўважліва сочаць за сітуацыяй са сваімі калегамі, бо на самой справе, тое, што адбываецца з беларускім грамадствам – гэта ж адбываецца і з беларускай культурай, дзе, як здаецца, і культура і палітыка сыходзіцца ў адной кропцы. Мы двойчы выступалі па Някляеву, дзве заявы Расійскага ПЭНа. Мы за гэтым сочым і спрабуем не адставаць ад бяды, якая адбываецца. Бо, на мой погляд, у Беларусі адбываецца вялікая бяда. Беларуская ўлада сцяла цуглі і нават вельмі моцны еўрапейскі ціск не можа пакуль ссунуць гэтую махіну з мёртвай кропкі. Мне уяўляецца, што дні Лукашэнкі палічаны і яму прыдзецца сысці да тэрміна”.
Еўрарадыё: Гэта заява з’явілася зараз, калі ў прынцыпе пісьменнікаў не затрымліваюць, не ціснуць на іх, як кажуць, але трапляюць пад дзеянні міліцыі звычаныя людзі.
Сіманаў: “Канешне, мы ў першую чаргу сочым за лёсам калегаў, але на маю думку, тое, што сёння робяць з грамадзянамі Беларусі, асабліва з маладымі, - гэта ў нейкім сэнсе вынік дзейнасці нашых калегаў, якім мы спачуваем і адчуваем пачуццё віны перад гэтымі маладымі людзьмі, якіх прэсуе дзейсныя ўлады.
Наш зварот носіць хутчэй папераджальны характар. Дзіўна, калі б пісьменнікі пачалі пералічаць усе гэтыя выпадкі збіццяў, арыштаў маладых беларусаў. Усе ж мы ў Расіі, а яны ў Беларусі. Мы не сочым менавіта за беларускімі пісьменнікамі, таму мы выказаліся наконт сітуацыі ўвогуле. І палічылі гэта своечасова зрабіць менавіта зараз”.
Еўрарадыё: На якую рэакцыю і ад каго вы спадзяваліся?
Сіманаў: “На сёння я сяджу на такім месцы, дзе падпісваюцца дзесяткі лістоў. Сказаць, што яны дзейсныя, я б не сказаў. “Капля камень точит”, таму тое, што да мяне ўжо зараз едуць беларускія журналісты, каб узяць інтэрв’ю з гэтай нагоды, гэта важна. Нам важна, каб пра гэта не забывалі. Каб увесь час быў грамадскі рэзананс і каб было зразумела, што гэты грамадскі рэзананс выкліканы недабрабытам у краіне”.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці прымуць такое меркаванне расійскіх праваабаронцаў, а зараз і пісьменнікаў расійскія ўлады?
Сіманаў: “Будзем спадзявацца, што так, але я ў гэта слаба веру. У стасунку да нашага кіраўніцтва, гэта пройдзе па датычнай. Але тое, што сёння Расійскі ПЭН-цэнтр можа быць названы арганізацыяй супрацьлукашэнкаўскай, гэта адназначна і мы да гэтага гатовыя, калі пра гэта даведаюцца беларускія ўлады”.
Еўрарадыё: Не баіцеся, што станеце неўязнымі ў Беларусь?
Сіманаў: “Мяне клікалі на 70-годдзе Магілёўскай бітвы. Я ўязны ў Беларусь. У мяне з Беларусі маці, якая нарадзілася ў Шклове, у мяне ў Беларусі развеяны прах бацькі. У мяне вельмі моцныя сувязі з Беларусью. Але я не паехаў на 70-годдзе, бо мне вельмі складана стрымацца ад ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі. Я туды не паехаў”.