Расійскія эксперты: Акцыі пратэсту ў Беларусі працягнуцца

А ўлады па-ранейшаму будуць актыўна гэтаму супрацьстаяць, бо ў Аляксандра Лукашэнкі няма іншага шляху, акрамя "закручвання гаек". Такое меркаванне РІА "Новости" выказаў дырэктар Міжнароднага інстытута палітычнай экспертызы Яўген Мінчанка.


Па яго словах, рэйтынг беларускага лідара паступова і непазбежна зніжаецца. І адбываецца гэта на фоне складанай эканамічнай сітуацыі ў краіне. Мінчанка мяркуе, што "вайны на ўсіх франтах беларускаму прэзідэнту не вытрымаць": "Калі ён мае намер "ваяваць" і з Захадам, і з Расіяй, і з уласным насельніцтвам, то такая вайна напэўна асуджана на паразу. Камусьці трэба будзе "здавацца".


Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута міжнародных даследаванняў МГИМО (У) МЗС Расіі Леанід Гусеў упэўнены, што сітуацыя ў Беларусі хутка не зменіцца. Ён кажа, што акцыі пратэсту будуць ахопліваць толькі Мінск і іншыя буйныя гарады. А большасць насельніцтва, лічыць эксперт, пакуль падтрымлівае Лукашэнку і яго палітычны курс.