Рада беларускай інтэлігенцыі асудзіла абразы ад Лукашэнкі
Рада беларускай інтэлігенцыі асудзіла абразы, што прагучалі ў бок кіраўніцтва Украіны і Еўрасаюза ад "асобы, якая дагэтуль дэ-факта займае пасаду прэзідэнта".
Пра гэта гаворыцца ў лісце на імя прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу. Ліст быў ухвалены 29 красавіка ў Мінску на пасяджэнні рады, паведамляе БелаПАН.
"Гэты беспрэцэдэнтны выпадак яшчэ раз вызначае ўзровень культуры гэтай асобы, а таксама ўзровень небяспекі, якую нясе таталітарны рэжым, што пануе сёння ў нашай краіне, асабліва з ягонымі планамі пабудовы беларускай АЭС", — гаворыцца ў лісце.
Яго аўтары паведамляюць, што "абразы прагучалі ў дзень, калі мы ўсе павінны былі ўзгадаць агульную бяду — чарнобыльскую катастрофу, думаць пра тое, як разам бараніцца ад яе наступстваў і пазбегнуць яе паўтарэння". У гэты дзень побач з кіраўніцтвам Украіны і Расіі ў Чарнобылі абавязкова павінен быў знаходзіцца і прадстаўнік Беларусі, падкрэсліваецца ў лісце.
Яго аўтары адзначаюць, што пераважная большасць грамадзян Беларусі "асуджае хамства і амаральнасць, якія ўласцівыя многім выказванням і ўчынкам беларускага кіраўніцтва, але існуючы механізм фальсіфікацыі выбараў не дазваляе народу рэалізаваць сваю волю шляхам дэмакратычных выбараў". "Менавіта ў гэтыя дні ў Беларусі залежныя ад уладаў суды выносяць карныя выракі тым, хто выступіў супраць чарговых фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года", — гаворыцца ў лісце.
Рада заклікае кіраўніцтва цывілізаваных краін "займаць цвёрдую і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да асноўных дэмакратычных каштоўнасцяў: свабоды сумлення, вяршынства закона і справядлівых выбараў".