70 чалавек загінулі падчас выбуху ў Тэхасе, сотні параненыя (відэа)

Прычына пажару на заводзе ў Тэхасе дагэтуль невядомая

Паліцыя пакуль не можа сказаць, ці быў падпал, ці нейкі хімічны працэс.

Па-ранейшаму праваахоўнікі не гатовыя назваць дакладную лічбу загінулых. З будынкаў яшчэ выносяць ахвяраў і параненых. Тэлеканал CNN пацвердзіў гібель дваіх медыкаў.

РІА "Новости" адзначае, што пажар на прадпрыемстве працягваецца, не выключаная магчымасць другога выбуху. Пажарныя спрабуюць наблізіцца да рэзервуара, у якім могуць знаходзіцца небяспечныя рэчывы.

***

МЗС Беларусі высвятляе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых у Тэхасе

Нагадаем, у выніку выбуха на заводзе ўгнаенняў загінулі да 70 чалавек, каля 200 параненыя, разбураныя каля 100 дамоў.

Як заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, беларускія дыпламаты ўжо высвятляюць, ці не пацярпелі ў катастрофе грамадзяне Беларусі. Яны звязваюцца з адпаведнымі службамі ў Тэхасе, інфармуе БЕЛТА.

***

Выбух у Тэхасе: ад жылога комплекса на 50 кватэр застаўся адзін каркас

Дэпартамент грамадскай бяспекі Тэхаса пацвердзіў, што падчас выбуху на заводзе ўгнаенняў пацярпелі больш за 100 чалавек.

Дакладную колькасць загінулых ён не назваў. Раней паведамлялася, што іх ад 60 да 75 чалавек.

Было разбурана да 75 дамоў. Прычым, жылы комплекс на 50 кватэр цалкам разбураны — ад яго застаўся адзін каркас. Прадстаўнік Дэпартамента грамадскай бяспекі параўнаў сітуацыю з Іракам.

Прычына здарэння дагэтуль неназваная.

***

Як паведамляюць амерыканскія СМІ, жыхароў шэрагу раёнаў эвакуююць з-за ўцечкі аміяку.

ВВС адзначае, што на месцы выбуху гараць некалькі будынкаў. Магчыма, там ёсць заблакаваныя людзі. Параненых вывозяць на аўтамабілях і верталётах.

Разбураныя да сотні будынкаў. Многія параненыя знаходзяцца ў цяжкім стане.

Фота — Reuters, Bird1304