Пуцін прыедзе ў Мінск, каб выказацца пра НАТА?
Расійскія палітолагі лічаць, што Беларусь стане для Пуціна добрай пляцоўкай, з якой можна жорстка адрэагаваць на “натаўскія” ініцыятывы.
Першы замежны візіт новага старога прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна будзе ў Беларусь. Такую інфармацыю са спасылкай на ананімныя крыніцы распаўсюджваюць расійскія СМІ. Але ў беларускім знешнепалітычным ведамстве каментаваць яе адмаўляюцца. Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных спасылаецца на адсутнасць такіх звестак.
Між тым, генеральны дырэктар Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтра, былы намеснік міністра замежных спраў Расіі Андрэй Фёдараў не выключае магчымасці такога візіту. На думку палітолага, пайсці на падобны крок Пуціна можа прымусіць... НАТА.
Андрэй Фёдараў: “Такі візіт больш будзе звязаны не з беларускімі справамі. Пасля саміта “васьмёркі” ў Чыкага адбудзецца саміт НАТА, на якім, хутчэй за ўсё, будзе прынята канчатковае рашэнне, каб сістэма Супрацьпаветранай абароны (ПРА) працягвала развівацца і размяшчацца. Палітычная рэакцыя на гэта рашэнне НАТА павінна быць. Цалкам магчыма, што вельмі жорсткая. І на мой погляд, Беларусь вельмі добрае месца, каб такую рэакцыю праявіць”.
Найперш таму, што жорсткія антынатаўскія выказванні Пуціна актыўна падтрымае яго беларускі калега, сцвярджае расійскі эксперт.
Вядома, што саміт “натаўцаў” у Чыкага пройдзе 20-21 траўня. Каб выказацца наконт ініцыятывы НАТА адносна ПРА, Пуціну будзе дастаткова прыехаць у Мінск на некалькі гадзін. Арганізуюцца такія візіты за дзень-два.
Калі інфармацыя спраўдзіцца, то ўпершыню ў гісторыі пуціна-мядзведзеўскага прэзідэнтства першай краінай новаабраны кіраўнік краіны наведае Беларусь. Першы замежны візіт падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Пуціна быў у КНДР, Беларусь жа ён наведаў толькі амаль праз тры гады — 19-20 студзеня 2003 года. Падчас другога тэрміну пешая паездка Пуціна была ў Крым. Мядзведзеў найперш паляцеў у Кітай праз Казахстан. Праўда, Беларусь была наступным месцам візіту.
Прэс-сакратар беларускага кіраўніка Павел Лёгкі хоць і кажа, што інфармацыі пра візіт Пуціна ў Мінск не мае, але лічыць, што гэта было б лагічна.
Павел Лёгкі: “Я такой інфармацыі не маю, але гэта цалкам лагічна было б з улікам блізкіх саюзніцкіх адносінаў дзвюх дзяржаў. Ёсць падставы так меркаваць (што першы замежны візіт будзе менавіта ў Беларусь — Еўрарадыё)”.
Да ўсяго, лічыць Андрэй Фёдараў, Пуцін вымушаны будзе наладжваць прыязныя адносіны з Лукашэнкам.
Андрэй Фёдараў: “Для Пуціна галоўнай задачай яго прэзідэнцтва з’яўляецца стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза да 2015 года. Тут без Лукашэнкі немагчыма нічога зрабіць. І той дыскамфорт, які быў у іх узаемаадносінах, — яго неабходна пазбаўляцца. Пазбаўляцца вельмі актыўна з расійскага боку”.
Цалкам рэальным тое, што Пуцін найперш паедзе ў Беларусь, лічыць і дырэктар Інстытута краін СНД, былы дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін. І пра адносіны Расіі да ПРА ён казаць у Мінску будзе. Але галоўнай мэтай візіту стане спроба даць новае жыццё Саюзнай дзяржаве.
Канстанцін Затулін: “Паездка Пуціна, калі да гэтага гатовы ён сам і гатовы беларускі бок, магла бы ў гэтых адносінах быць надзвычай важнай. Добрая магчымасць, каб забыцца на тыя асабістыя адносіны, якія не дапамагаюць рэалізацыі планаў Расіі на постсавецкай прасторы”.
Што ж тычыцца афіцыйнага каментарыя Крамля, то ў ім сцвярджаецца, што новаабраны расійскі прэзідэнт здзейсніць свой першы замежны візіт "у адну з постсавецкіх краін".