Пускаць мінакоў у туалет кавярні больш не абавязаныя

Мінскім рэстаранам дазволілі не пускаць кліентаў, якія хочуць скарыстацца выключна прыбіральняй. Сталічныя ўлады адмянілі свой загад, які з 2008 года абавязваў кавярні і бары, пускаць усіх жадаючых мінакоў у туалет. Прычым, як высветлілася, гэтае рашэнне Мінгарвыканкама было скасаванае... яшчэ ў 2010 годзе. У прэс-службе тлумачаць, што прычыны адмены не ведае нават чыноўніца, якая цяпер курыруе гарадскую гаспадарку – гэта адбылося яшчэ да яе прыходу на пасаду.

“З нагоды прыбіральняў? Гэтае рашэнне насамрэч адмененае. Яна працуе з 2010 (года – Еўрарадыё), прычым з канца. А рашэнне было адмененае раней”.

Каб праверыць, ці пускаюць яшчэ людзей з вуліцы ў свае прыбіральні адміністратары сталічных кавярняў, Еўрарадыё накіравалася непасрэдна на месцы. Нам нідзе не адмовілі і нават ні аб чым не пыталіся.

“Так, натуральна. І мы пускаем, уласна кажучы, людзей. І не забараняем нікому ўваходзіць. Больш за тое, у нас ніхто не пытае, можна зайсці ў прыбіральню, альбо не. З аднаго боку сітуацыя непрыемная тым, што прыходзіцца часцей прыбіраць, а з іншага – усе мы людзі. І патрабаванні арганізму ў нас усе аднолькавыя. І я сабе заўсёды стаўлю ў сітуацыю, калі я знаходжуся недзе ў горадзе і… Ну тры гарадскія прыбіральні агульнадаступныя!”, – расказвае адміністратарка кавярні Live, размешчанай амаль на самым праспекце Незалежнасці.У нас ніхто не пытае, можна зайсці ў прыбіральню, альбо не. З аднаго боку сітуацыя непрыемная тым, што прыходзіцца часцей прыбіраць, а з іншага – усе мы людзі

Жанчына дадае, што працуе ў гэтым бізнесе ўжо вельмі даўно і можа прыгадаць толькі адзін канфлікт, які ўзнік праз наведванне прыбіральні адразу цэлай групай маладых людзей. Але і ён скончыўся мірна.

Не было не толькі канфліктаў, але і праверак. Прынамсі, адміністратары кавярні іх не заўважылі.

“За ўвесь гэты час інспекцый не было. У дадзенай установе – я не ведаю. Магчыма, правяраючага не спынілі, магчыма, гэта былі нейкія таемныя госці, якія прыходзілі, іх пускалі, і яны сыходзілі”.

Дарэчы, з прыбіральнямі ў сталіцы насамрэч няпроста. Іх па-ранейшаму мала, і на колькасць наведвальнікаў супрацоўніцы не наракаюць. Каштуе паслуга ад 1300 да 1500 рублёў, а сям-там нават стаяць відэакамеры назірання. На пытанне, навошта яны ў прыбіральнях, жанчыны не адказваюць. Верагодна, і ў гэтым бізнесе ёсць свае таямніцы.

Адміністратары рэстаранаў і бараў кажуць, што жадаючых пакарыстацца выключна прыбіральняй не так і шмат.

“Бывае такое, што за дзень чалавекі два прыйдзе. Бывае, што ўвогуле ніхто не прыйдзе. То бок гэта не часта. Гэта бывае рэдка”, – расказваюць у рэстаране “Васількі”, нядаўна адкрытым насупраць КДБ.

Без праблем можна зайсці і ў прыбіральню “Макдональдса”, і ў “Лідо”.

Дарэчы, нідзе пакуль не ведаюць, што рашэнне Мінгарвыканкама пра прыбіральні даўно адмененае. Адміністратары даведаліся пра гэта толькі ад карэспандэнта Еўрарадыё. Падзякавалі і сказалі, што людзей пускаць да сябе не перастануць. Галоўным чынам таму, што гэта патэнцыйныя кліенты.

“Адназначна не перастанем. Нават калі яго адмянілі, то нас не інфармавалі пра гэта. Мы і не цікавіліся гэтым. Ведаеце, чалавек, які заходзіць у прыбіральню, ён усё адно заходзіць у нашу ўстанову”, – кажа прадстаўніца адной са сталічных кавярняў.

Фота: relax.by