Прэзідэнт памілаваў больш чалавек, чым прыгаварылі да смерці?

Асуджаны за тэракт у метро Дзмітрый Канавалаў прашэння аб памілаванні не пісаў. Але прэзідэнтам разглядаюцца ўсе смяротныя прысуды.

“Наколькі я валодаю інфармацыяй, кожны раз людзі пішуць прашэнні. Гэта, відаць, першы такі выпадак, калі чалавек не звяртаўся”, - кажа кіраўнік кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.

Паводле працэдур, кіраўнік краіны ставіць свой подпіс пад прынятым рашэннем, якім бы яно ні было.

120319 Pilecki Kazn.mp3

“Прэзідэнт падпісвае адмысловую паперу аб прыняцці рашэння. Якім бы яно ні было – аб памілаванні, альбо непамілаванні. Так склалася, што гэта апошняя інстанцыя, якая вызначае лёс чалавека”.

Праваабаронцы гавораць, што ад пачатку свайго прэзідэнцтва Лукашэнка памілаваў толькі аднаго чалавека. Гэта здарылася яшчэ ў 1996 годзе. Афіцыйныя лічбы кардынальна адрозніваюцца. На сайце МУС пасля вынясення прысуду Канавалаву і Кавалёву з’явілася інфармацыя, што з 1998 году Лукашэнка памілаваў ажно 156 чалавек. Да смяротнага пакарання за гэты ж час прыгаварылі 102.

У міністэрстве кажуць, што менавіта гэтыя лічбы з’яляюцца праўдзівымі.

“Мяне менш за ўсё хвалюе, што гавораць беларускія праваабаронцы. Інфармацыя, якая ёсць на сайце –з’яўляецца афіцыйнай. Яна нам прадастаўленая Дэпартаментам выканання пакаранняў адмыслова для вывешвання на сайце. Таму супрацьпастаўляць яго выказванням праваабаронцам я не буду, тым больш, невядома, адкуль яны бяруць інфармацыю”, расказвае Еўрарадыё кіраўнік упраўлення грамадскіх сувязей Канстанцін Шалькевіч.

Праваабаронцы дапускаюць, што могуць валодаць не ўсёй інфармацыяй. Алена Танкачова кажа, што справа ў закрытасці судовай сістэмы.

“На жаль, судовая статыстыка з’яўляецца закрытай. Працуем з тымі выпадкамі, калі грамадзяне, альбо іх родныя, звяртаюцца да нас”.

Як даведалася Еўрарадыё, дакументы аб памілаванні, альбо непамілаванні нават не паступаюць у Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Вось такая таямніца.

“Магу сказаць толькі, што такога кшталту указы да нас у НЦПІ не паступаюць”, -- гавораць там.

Разам з тым праваабаронцы мяркуюць, што калі б колькасць памілаванняў насамрэч была такой вялікай, гэта неадкладна было б выкарыстана ў папулісцкіх мэтах. Таму лічбы з сайта МУС выклікаюць у іх недавер.