Праваабаронцы: Не маўчыце ў пастарунку і ў судзе!
Еўрарадыё сабрала парады для затрыманых – як сябе паводзіць у пастарунку і судзе, што можна патрабаваць і чаго неабходна дабівацца.
Серада стала традыцыйным днём масавых затрыманняў невядомымі ў цывільным людзей, якія рызыкнулі выйсці вечарам у цэнтр свайго горада. Ледзь не для кожнага такі выхад у горад, нават калі ён не суправаджаецца плясканнем у ладкі, нясе рызыку правесці вечар, а то і ноч, у міліцэйскім пастарунку, а наступны дзень – у судзе. Еўрарадыё сабрала парады праваабаронцаў: як сябе паводзіць, калі вы сталі ахвярай аблавы.
Праваабаронца з цэнтра “Вясна” Наста Лойка раіць найперш патрабаваць тлумачэнняў, за што вас затрымалі і ў чым вас абвінавачваюць. Калі ж ніхто нічога не адказвае – скардзіцца.
Наста Лойка: “Можна адразу патрабаваць “Кнігу скрагаў” – яна ёсць у дзяжурнага. Альбо знайсці кавалак паперы і пісаць скаргу ў адвольнай форме на імя кіраўніка РУЎС. Што я такі і такі апынуўся тут, а мне адмаўляюцца прадставіцца і нешта патлумачыць. Пажадана падглядзець нейкія бэджы супрацоўнікаў, якія нічога не кажуць, і пазначыць канкрэтныя прозвішчы”.
Калі на затрыманага складаюць пратакол, праваабаронца раіць патрабаваць выклікаць адваката і паведаміць сваякам аб месцы свайго знаходжання.
Наста Лойка: “Калі вы патрабуеце, супрацоўнікі міліцыі абавязаныя выклікаць дзяжуранага адваката. Гэта яны вельмі рэдка робяць, але на гэта варта звяртаць увагу. Кожны затрыманы чалавек мае права паведаміць пра гэта сваім родным. Можна патрабаваць ад супрацоўнікаў міліцыі, каб яны паведамілі пра месца знаходжання чалавека і падставы затрымання. І яны абавязаныя альбо самі гэта зрабіць, альбо прадаставіць магчымасць самому гэта зрабіць чалавеку”.
Прычым, кажа, па магчымасці паведаміць пра затрыманне праваабаронцам, журналістам і расказаць пра тых, каго затрымалі разам з вамі.
І абавязкова параіла патрабаваць копію пратакола аб вашым “правапарушэнні”.
Наста Лойка: “Калі яны не выдаюць копію пратакола правапарушэння, то гэта можа стаць падставай для таго, каб справу накіравалі на дапрацоўку, а чалавека – вызвалілі. Альбо, калі копіі не супадаюць з арыгіналам”.
Не рабіць і суддзям лёгкім жыццё раіць праваабаронца “Цэнтра прававой трансфармацыі” Аляксей Казлюк. Да прыкладу, “падсудны” мае права даць “адвод” суддзі і патрабаваць свайго, а не дзяржаўнага адваката.
Аляксей Казлюк: “Ён можа патрабаваць адвода суддзі, калі ў яго ёсць падставы меркаваць, што суддзя не будзе аб’ектыўна ставіцца да справы. У яго ёсць права патрабаваць абаронцу. Прычым, гэта можа быць не толькі адвакат, але і блізкі сваяк”.
І суддзя павінен адкласці разгляд справы на той час, пакуль запатрабаваны адвакат ці сваяк-абаронца не прыедуць у суд. Неабходна таксама патрабаваць абавязкова выклікаць у суд сведкаў вашага “злачынства” і вашых сведкаў. Падчас допыту сведкаў-міліцыянтаў – спрабаваць злавіць іх на супярэчнасцях у паказаннях. І гэтак далей. Карацей, праваабаронца раіць любымі сродкамі зацягваць судовы працэс. Прычым, кожны раз, калі суддзя адмаўляе ў нечым “падсуднаму” – патрабаваць унесці ўсё гэта ў пратакол судовага пасяджэння.
Аляксей Казлюк: “Яшчэ падчас судовага пасяджэння максімальна шукаць зачэпкі, каб зацягнуць працэс. Гэта можа быць выклік адваката, зачэпкі за нейкія нестыкоўкі ў пратаколах – калі копія і арыгінал не супадаюць, калі няма нейкіх подпісаў ці іншых істотных рэчаў. Тады суддзя проста абавязаны хаця б адкласці разгляд справы. За гэты час можна добра падрыхтавацца і выпрацаваць нейкую пазіцыю”.
Калі ж нічога не дапамагло і суддзя вынес прысуд, з якім вы ня згодныя – яго праваабаронцы абавязкова раяць абскарджваць. А для гэтага прапануюць звяртацца да іх па юрыдычную і прававую дапамогу.
Папрасіла Еўрарадыё даць некалькі парадаў затрыманым і кіраўніка прэс-службы мінскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага. Але той абмежаваўся толькі адной парадай.
Аляксандр Ластоўскі: “Мая парада толькі адна – не парушаць заканадаўства і ўсё. Больш нічога раіць не збіраюся. Я параіў адно і больш ніякіх “раянняў” не будзе – толькі адно”.
І адмовіўся ад любых іншых парад ці каментарыяў.
Фота: http://fota.bymedia.net/