Працэнты па крэдыце не выраслі, але плаціць трэба больш

Святлана брала крэдыт у "Белросбанку" ў 2010 годзе на пяць гадоў з разлікам, каб выплаты не павышаліся праз стаўку рэфінансавання. Не дапамагло!

“У дамове ёсць умова, што крэдыт не залежыць ад стаўкі рэфінансавання. Паколькі яны не могуць павысіць выплаты праз гэта, яны павышаюць камісійныя. Выплата вырасла з 50 тысяч да 130”, — распавядае жанчына.

Як бачым, банк знайшоў іншыя мажлівасці павысіць выплаты. І цяпер Святлане штомесяц трэба аддаваць на 80 тысяч больш. За чатыры гады набяжыць амаль 4 лішнія мільёны! Пры ўмове, што камісійны збор не павысяць яшчэ.

"Белросбанк" пры гэтым спасылаецца на рост цэнаў і інфляцыю.

“З 1 кастрычніка павялічылася камісія за абслугоўванне крэдытнай дамовы. Гэта звязана з ростам цэнаў і ростам інфляцыі”, — гавораць у цэнтры кліенцкай падтрымкі "Белросбанка".

У "ВТБ-банку" камісійны збор і працэнтная стаўка па выдадзеных крэдытах не змянілася. Але сума выплат… паднялася!

"ВТБ-банк": “Напрыклад, калі вы бралі 7 мільёнаў і плацілі штомесяц 200 тысяч, то цяпер дадаецца 1% пры спісанні сродкаў з рахунку — гэта плюс 70 тысяч да выплаты”.

Раней гэтыя працэдуры былі бясплатныя.

А вось у "Беларусбанку" выплаты па крэдытах не змяніліся.

"Беларусбанк": “Усё засталося так жа. Бо гэта ўсё у беларускіх рублях. То бок, паводле ўмоваў дамовы, там прапісаная стаўка”.

Еўрарадыё: Значыць, калі я плаціў, напрыклад, 300 тысяч штомесяц, для мяне нічога не змянілася?

"Беларусбанк": "Так, у залежнасці, натуральна, ад запазычанасці, перыядаў аплаты…"

Эксперт партала infobаnk.by Кацярына Смірнова кажа, што банкі вымушаныя бегчы за інфляцыяй:

“Сума па крэдыце павялічылася настолькі, наколькі патаннелі грошы. Калі цяпер інфляцыя больш за 60%, банкі мусяць гэта пакрываць. Якім чынам банкі гэта робяць, па якіх крэдытах… Як мінімум на 60% крэдыты так ці інакш падаражэлі для людзей”.

Пры гэтым сайт Нацбанка раіць банкам “пераглядзець палітыку на крэдытным рынку” і прапануе распрацаваць захады, “каб не дапусціць вялікай нагрузкі на людзей”.

Нацбанк: “… Кожнаму банку прапанавана распрацаваць комплекс захадаў па недапушчальнасці празмернай нагрузкі на фізічных асобаў па пагашэнні крэдытнай запазычанасці, што маецца перад банкам”.

Аднак калі Еўрарадыё прыводзіць прыклады пагаршэння умоваў, Нацбанк толькі і прапануе, што звяртацца ў суд.

“Заключаецца дамова. І абодва бакі мусяць яе выконваць. Калі ёсць парушэнні, яны вырашаюцца ў судзе”.

Нагадаем, стаўка рэфінансавання ад пачатку 2011 году павялічвалася 9 разоў — агулам на 18%.

Фота: photosight.ru