Пракуратура нарэшце адказала на запыт па Міхалку

Пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска нарэшце даслала адказ на запыт Еўрарадыё па справе Сяргея Міхалка. Днямі ў рэдакцыю прыйшоў ліст, дзе напісана, што вынікі следства паведамляюцца толькі заяўніку, асобе, над якой праводзілася праверка і яе сваякам. Такім чынам, паводле беларускага заканадаўства, пракуратура не мае падставы даваць такую інфармацыю.

Гэтага адказу Еўрарадыё чакала амаль 40 дзён, бо запыт на імя генеральнага пракурора быў дасланы яшчэ 3-га студзеня. Пасля гэтага праз пэўныя тэрміны прыходзілі паведамленні, што запыт з Генпракуратуры накіроўваецца спачатку ў пракуратуру горада Мінска, потым у пракуратуру Цэнтральнага раёну, потым зноў у пракуратуру горада.

"Я лічу, што яны не маюць рацыі, - каментуе адказ з пракуратуры юрыст Людміла Чэкіна. - Ёсць паняцце таямніцы следства, але яна дзейнічае да таго моманту, пакуль не вынесенае рашэнне па гэтай справе. Улічваючы, што рашэнне ўжо вынесенае, у адпаведнасці з законам аб СМІ, яны абавязаныя даць інфармацыю. А тое, што ў КПК (Крымінальна Працэсуальны Кодэкс) СМІ не ўказаныя, як асобы, якім трэба даваць інфармацыю, не азначае, што не павінны выконвацца астатнія акты, напрыклад, "Закон аб СМІ".

Нагадаем, што днямі Еўрарадыё даведалася, што крымінальную справу на Сяргея Міхалка вырашана не заводзіць "...з-за адсутнасці грамадска небяспечнага ўчынку, прадугледжанага крымінальным законам". Пра гэта гаворыцца ў лісце з мінскай пракуратуры, які атрымала адвакат музыкі. Такім чынам, рэдакцыйны запыт Еўрарадыё ў Генпракуратуру быў дасланы праз 12 дзён пасля прыняцця рашэння пра закрыццё справы Сяргея Міхалка! І ўвесь час пракуратура гэта ведала, але перанакіроўвала запыт па інстанцыях, а ў выніку адказваць адмовілася!

"Ёсць жа паводле КПК патрабаванне, не разгалошваць звесткі следства, - каментуе адказ прэс-сакратар Генпракуратуры Пётр Кісялёў. - Паводле вашай жа логікі, атрымліваецца, што, калі справа скончаная, ці перададзеная ў суд, то пра яе можна ўсё расказваць. Зусім не! Усё паведамляецца тым, хто ў гэтым зацікаўлены. Як вам і патлумачылі. Там ёсць сваякі, у гэтым выпадку дасылалася адвакату, бо ён, безумоўна, зацікаўлены бок, ён прадстаўляе чалавека".  

На пытанне, ці ёсць сэнс дасылаць яшчэ адзін запыт, у Генпракуратуры нам нічога дакладнага не сказалі. Маўляў, дасылайце, а там кіраўніцтва вырашыць, што вам адказаць.