Прафсаюз рэзка крытыкуе ўрад, але не чапае прэзідэнта
Антыкрызісны “чынавенскі" план яны называюць “недастатковым”, а дзеянні ўрада — “непрымальнымі”.
“Лічым, што такі "чынавенскі" план (...) з'яўляецца недастатковым, а дзеянні ўрада, накіраваныя на вырашэнне фінансавых праблем у дзяржаве за кошт перакладання іх на плечы насельніцтва, — непрымальнымі".
"Лічым недапушчальным той факт, што ў разгар крызісных з'яваў, што скаланулі эканоміку і грамадства, практычна цалкам адсутнічала афіцыйная інфармацыя ад урада, Нацыянальнага банка пра прычыны, якія прывялі да такой сітуацыі, а таксама пра захады, што прымаюцца з нагоды крызісу".
І гэта Еўрарадыё цытуе ўрыўкі з заявы афіцыйнага Прафсаюза супрацоўнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці. Прычым, заява з'явілася на сайце афіцыёзнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Старшыня Белхімпрафсаюзу Святлана Клачок расказала Еўрарадыё, ці падтрымлівае іх у крытыцы ўрада кіраўнік ФПБ Леанід Козік, ці збіраюцца яны выводзіць людзей на вуліцу і чаму яны, крытыкуючы ўрад, не ўзгадваюць кіраўніка краіны.
Еўрарадыё: Гэтая заява — ініцыятыва Рэспубліканскага камітэта Белхімпрафсаюзу ці ініцыятыва знізу?
Святлана Клачок: Мы ж не працуем у адрыве: вярхі — наверсе, а нізы — знізу! У нас адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума ў Салігорску на базе "Беларуськалія". Паехалі спецыяльна ў гэты рэгіён, ведаючы, што там асабліва востра рэагуюць на пытанні. Мы абмеркавалі вынікі Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных адносінах. І тады Федэрацыя досыць рэзка выступіла з нагоды таго, што гэтыя меры, якія прапанаваў урад, недастатковыя. Гэты план кулуарна рыхтаваўся, у нас не было магчымасці з ім знаёміцца. Прадстаўлены ўрадам план нас не задавальняе.
Еўрарадыё: Я так разумею, што калі вашая заява з’явілася на сайце ФПБ, то выкладзеная там пазіцыя была ўзгодненая з кіраўніком Федэрацыі?
Святлана Клачок: Безумоўна, мы размясцілі гэтую заяву на сайце Федэрацыі. І калі Федэрацыі палічыла магчымым, то... Калі вы сачылі за пасяджэннем Нацыянальнага Савета, то бачылі,што Леанід Козік дастаткова рэзка там выказаўся. Дарэчы, тое, што паказвалі потым па тэлебачанні, — там нічога гэтага не было! Не так былі расстаўленыя акцэнты. Увогуле, сітуацыя ў калектывах напружаная.
Еўрарадыё: У сваёй заяве вы кажыце, што ўрад не зусім правільна ацэньвае сітуацыю. Але ўсе мы ведаем рэальную сітуацыю, тое, што ў любым пытанні апошняе слова — за кіраўніком краіны. Чаму вы ніводнага разу не ўзгадалі яго імя?
Святлана Клачок: Мы лічым так: урад на тое і сфармаваны — яго задача прапаноўваць розныя варыянты. Калі б мы пачулі, што ўрад прапанаваў нейкі рэальны план, а яго не ўзгадніў кіраўнік краіны — гэта адзін бок пытання. А калі яны (урад — Еўрарадыё) сёння сябе невядома як сябе паводзяць...
Еўрарадыё: Калі прафсаюзы звяртаюцца з прапановамі і патрабаваннямі да ўрада і той да іх не прыслухоўваецца, то прафсаюзы выводзяць людзей на вуліцы?
Святлана Клачок: Мы пакуль так далёка не зазіраем. Хочацца спадзявацца на мудрасць людзей, якія адказваюць за рашэнні гэтых пытанняў. Сённяшняя сітуацыя, напэўна ж, аналізуецца на ўсіх узроўнях, актуальнасць пытанняў, якія выказваюцца, — іх трэба вырашаць, бо гэта можа выліцца ў некантраляваны працэс. У на сёння працуюць прадпрыемствы нармальна, дзякуй Богу, людзі трымаюцца за працоўныя месцы і ўзровень заробкаў у нас годны. А крытычнасць калі пачынаецца? Калі чалавека за вароты пачынаюць выпраўляць, калі даходы надта ўжо скарачаюцца. Калі няма ўпэўненасці. Нашыя прадпрыемствы пакуль больш-менш на плаву.
Еўрарадыё: Але ж тыя ж шахцёры скардзяцца, што калі раней яны атрымлівалі па 2 тысячы долараў у эквіваленце заробку, то зараз — тысячу.
Святлана Клачок: Можа я выкажу непапулярную думку, але я тое ж самае і сваім шахцёрам кажу. Зразумела, што ўсе сёння згубілі. І гэта плата за тыя ж самыя 500 долараў, якія гналі ў канцы года. Відавочна было, што раскручваецца інфляцыя і не трэба было гэтыя грошы друкаваць. Аднак мы і тады разумелі — да чаго мы ідзем. Але ж хацелася ўсім павелічэння заробку і мы гэтыя грошы бралі! Мы іх расходвалі, бачылі, што ў эканоміцы адбываецца. Жыллё людзі будавалі актыўна і бралі крэдыты спажывецкія. Тады ж гэтая сітуацыя задавальняла!
Што да сённяшніх даходаў, то не прыйдзе ў галаву доктару разрэзаць чалавека і кінуць яго на аперацыйным стале таму, што ён зараз можа замест кілаграма — палову кілаграма каўбасы набыць. Мы кажам: нам не падабаецца, як кошты выраслі, але рана ці позна гэта мусіла адбыцца. Сёння неабходна крыху ператрымаць, каб захаваць вытворчасць і забяспечыць яе эфектыўнае развіццё праз нейкі час. Але ўрад павінен стварыць сапраўдныя рэальныя ўмовы, каб рэальны сектар не паваліўся.
Еўрарадыё: Як бы там ні было, але заробкі ў вашай галіне знізіліся адчувальна...
Святлана Клачок: Дык у нас жа былі амаль самыя высокія заробкі! Гэта фактар дрэнны (зніжэнне заробкаў — Еўрарадыё), але сказаць, што ён сёння падштурхне людзей выйсці на вуліцы, то — не.
Еўрарадыё: І што плануеце рабіць далей, пасля сваёй заявы — чакаць адказу ўрада або будзеце выходзіць на Мясніковіча?
Святлана Клачок: Мы зараз будзем праводзіць пленум, куды запрашаем кіраўнікоў нашых галін, кіраўнікоў асацыяцыі прамыславікоў. З тым, каб зверыць — якія зрухі ідуць, ці вырашаецца што па прапановах, якія асацыяцыя накіравала ва ўрад пасля свайго выніковага схода, што праходзіў у траўні. Нас найперш сёння непакояць тыя ўмовы, якія б забяспечылі стабільную працу нашых прадпрыемстваў.