Пікет брэсцкіх сацыял-дэмакратаў замянілі жаночым футболам
У Брэсце 11 чэрвеня хацелі правесці пікет супраць збяднення насельніцтва.
Заяўку падавала гарадская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Месцам правядзення пікету быў названы стадыён “Лакаматыў” — адзінае месца, прызначанае ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў. Сябра партыі Юнона Галіеўская працытавала Еўрарадыё адказ Брэсцкага гарвыканкама:
Галіеўская: "Паведамляем, што 11 чэрвеня на стадыёне “Лакаматыў” будзе праходзіць матч чэмпіяната Рэспублікі Беларусь па футболе сярод жаночых камандаў Вышэйшай лігі. Кіруючыся гэтым, вам адмоўлена ў правядзенні згаданага мерапрыемства па згаданым адрасе і ў згаданы час".
Футбольны матч чамусьці прызначылі менавіта з дванаццаці да дзвюх гадзінаў дня, кажа Галіеўская. Звычайна вялікі стадыён стаіць бязлюдным сярод аднапавярховых дамкоў. Але як толькі на ім захацелі правесці пікет, стадыён адразу спатрэбіўся.