Першы дзень уступнай кампаніі: кожны дзясяты абітурыент БДУ — медаліст
Першымі дакументы ў ВНУ нясуць выдатнікі і тыя, хто набраў больш за 200 балаў.
“Асаблівы рост на бюджэтную і дзённыя формы — 529, у мінулым годзе было 456. 13% — гэта медалісты, якія падалі дакументы ў першы дзень. Пераможцы алімпіяд — 50 чалавек. Выпускнікоў ліцэяў і гімназій каля 40%”, — распавядае адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.
З 16 ліпеня ў беларускіх ВНУ другога патоку пачалася ўступная кампанія. На прыкладзе першага яе дня Еўрарадыё прасачыла, колькі студэнтаў падалі дакументы ў вядучыя ВНУ і якія спецыяльнасці яны абіраюць.
“Лідары па першым дні: Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і Факультэт радыёфізікі і кампутарных тэхналогій. За імі — Гістарычны і Юрыдычныя факультэты”, — даводзіць адказны сакратар.
Студэнты, якія падаюць дакументы ўжо цяпер, найчасцей упэўненыя ў сваіх сілах. Каля ўваходу ва ўніверсітэт адпачываюць на лавачцы два абітурыенты з Мінску. Яны падалі дакументы, а па леташніх балах праходзяць на бюджэт Механіка-матэматычнага факультэта, але…
“Ёсць нюансы: нельга праверыць, які прахадны бал на канкрэтнай спецыяльнасці. Я збіраюся на вэб-праграмаванне, а ў статыстыцы пазначаны толькі бал па ўсім факультэце”.
З БДУ выходзіць дзяўчына, якая толькі што падала дакументы на Эканамічны факультэт. У Мінск прыехала з Ратамкі з 210 баламі.
“У мінулым годзе прахадны быў 212 на ўвесь факультэт. Шкада, у мяне бал маленькі. Калі не паступлю, пайду ў каледж”.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ не чакае, што ў гэтым годзе прахадны бал будзе значна адрознівацца ад леташняга.
У Педагагічным універсітэце сярод лідараў першага дня — Псіхалагічны факультэт и Факультэт спецыяльнай адукацыі. Адна з самых запатрабаваных спецыяльнасцяў — лагапед.
“Тыя ж лічбы, што былі ў мінулым годзе. На дзённае падалі каля 220 чалавек. Псіхалогія і спецыяльная адукацыя карыстаецца найбольшай папулярнасцю, фізіка і матэматыка — менш”, — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей Якавенка.
Ва ўніверсітэт спяшаецца дзяўчына. Мінчанка, хоча вучыцца на Гістарычным. Падае дакументы цяпер, бо ўпэўненая ў балах.
“Люблю гісторыю, хачу выкладаць. Куды пайду, вырашыла яшчэ ў 11 класе. Набрала 241 бал. Летась прахадны бал быў 251 для мінскіх, а для сельскіх — 241 бал. Я з Мінску”.
Поруч стаяць замежнікі, яны таксама на Гістарычны факультэт.
“Мы з Туркменістану. Я люблю гісторыю і геаграфію. Адразу вырашыў ісці на гэты факультэт”.
У Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт у першы дзень дакументы падалі больш за паўтысячы абітурыентаў.
“Па выніках першага дня прынялі 518 заяваў. На Аўтатрактарны больш за 100 ужо. Энергетычны факультэт, факультэты будаўнічага профілю запатрабаваныя вельмі”, — падсумоўвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Аляксандр Малярэвіч.
А самыя высокія балы летась былі на спецыяльнасці “Мытная справа” — 297, на спецыяльнасці праграмнае забеспячэнне — каля 230.
На Факультэце энергетычнага будаўніцтва БНТУ тры гады таму адкрылі новую спецыяльнасць — будаўніцтва цеплавых і атамных станцый. Праўда, пакуль жадаючых там вучыцца толькі 5 чалавек на 30 бюджэтных месцаў. Летась, каб туды трапіць, трэба было набраць 204 балы.
У параўнанні, каб вучыцца на Аўтатрактарным факультэце, трэба атрымаць 256 балаў, а на Факультэце маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва — 283 балы.
“Прыкладна на 15% бюджэтных месцаў ужо пададзеныя дакументы”, — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ.
Фота: hotimsk.by