Пажылыя людзі не спяшаюцца аддаваць свае кватэры дзяржаве

Новаўвядзенне з’явілася ў ліпені. Дзяржава прапануе старым і адзінокім людзям перадаць гораду сваё жыллё ўзамен на штомесячныя выплаты і сацыяльную дапамогу.

“Атрымальнікам рэнты можа быць адзінокі грамадзянін, які не мае асобаў, абавязаных паводле закону яго ўтрымоўваць, і які дасягнуў 70-гадовага ўзросту, які мае ўласнае жыллё”, — расказваюць Еўрарадыё ў Камітэце па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

111201 Pilecki Starasc.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, чалавек застаецца жыць у сваім доме да канца жыцця. Да пенсіі ён атрымлівае штомесячную рэнтную выплату ў памеры... трох базавых велічынь. Гэта 105 тысяч рублёў. Каб такія выплаты кампенсавалі чалавеку кошт аднапакаёвай кватэры, яму трэба дажыць да… 350 гадоў!

Затое дзяржава будзе аплачваць і камунальныя паслугі таксама.

“Мінгарвыканкам гарантуе аплату камунальных паслуг, электраэнергіі. Акрамя гэтага, за кошт бюджэту Мінска праводзіцца рамонт жылога памяшкання, замена сантэхнікі, газавага абсталявання”.

Дзяржава можа прапанаваць старым і варыянт з перасяленнем у Дом састарэлых. У гэтым выпадку з кватэрай прыйдзецца развітацца назаўсёды. Узамен — асобны пакой і ад 35 да 105 тысяч штомесячнай кампенсацыі, па 35 тысяч за кожны пакой былой кватэры.

Прадаўшы аднапакаёўку самастойна, пенсіянер змог бы аплаціць больш за 280 гадоў пражывання ў Доме састарэлых.

Без перадачы гораду кватэры трапіць у Дом састарэлых не так проста: там чарга. А рашэнне аб засяленні альбо незасяленні кандыдата прымае ўсё той жа Камітэт па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

“У іх будзе асобнае жыллё, асобны пакой без падсялення. Ён будзе атрымоўваць пенсію — чалавек, які здае жыллё. Яму будуць выплачваць паводле рашэння Мінгарвыканкама ад адной да трох базавых велічынь кампенсацыі і іншае. Шэраг розных паслуг”, — расказваюць Еўрарадыё ў гарадскім доме-інтэрнаце "Світанак", куды плануецца засяляць усіх ахвотных аддаць свае кватэры дзяржаве.

Нягледзячы на рэкламу новай паслугі на тэлебачанні, радыё і нават у жыроўках, у Мінску пакуль ніхто ёй не скарыстаўся. У Мінгарвыканкаме гавораць, што зацікавілася толькі некалькі чалавек, іх заяўкі зараз на разглядзе.

Фота — bymedia.net