Паўлу Севярынцу паабяцалі магчымую амністыю
Гэта паабяцаў ідэолаг спецкамендатуры, дзе палітвязень адбывае пакаранне.
Калі артыкул, па якім асуджаны палітык, не будзе прапісаны асобным радком у законе “Аб амністыі”, то Севярынец выйдзе на свабоду па амністыі. Але дакладна вядома гэта стане толькі пасля таго, як законапраект разгледзяць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Севярынец: “Была ў нас размова з ідэолагам. І ён паведаміў, што, магчыма, амністыя мяне кране. Калі артыкул 342, паводле якога я незаконна асуджаны, не будзе прапісаны асобным радком. Мне здаецца, што пад шумок гэтай амністыі па крайняей меры некалькі палітвязняў вызваляць. Для таго, каб перамаўляцца далей з еўрапейцамі. Ці траплю я ў іх лік — цяжка сказаць”.
На думку Севярынца, яго спецыяльна абнадзейваюць магчымым вызваленнем, каб трымаць у напружанні. Каб баяўся лішняе сказаць ці напісаць. Альбо, напрыклад, каб пагадзіўся хаця б на словах прызнаць сваю віну і раскаяўся. Але, запэўнівае палітык, гэтыя абнадзейванні на яго паводзіны не паўплываюць.
Што тычыцца планаў, то пасля вызвалення Севярынец кажа, што найперш зоймецца літаратура, а не палітыкай. Будзе выдаваць кнігай нататкі, што выходзілі ў “Нашай Ніве” — “Беларуская глыбіня”. Ёсць яшчэ раман і “асабістыя справы”. Але ён не збіраецца адыходзіць і ад палітыкі — будзе дапамагаць БХД арганізоўваць байкот парламенцкіх выбараў.
Фота — gazetaby.com