Павел Свярдлоў на Акрэсціна сядзіць у адной камеры з Вінаградавым
Аб гэтым Павел змог сёння паведаміць калегам.
Павел Свярдлоў перадаў, што пасля арышту трапіў у адну камеру з лідарам "Zмены" Паўлам Вінаградавым. Ён таксама паведаміў пра абставіны яго затрымання. Яны цалкам супалі з вынікамі расследавання, праведзенага Еўрарадыё. Паводле Свярдлова, раніцай пятніцы 22 чэрвеня да яго ля пад’езду падышлі моцныя хлопцы, прадставіліся міліцыянтамі і не паказваючы пасведчанняў пасадзілі ў мікрааўтобус. Затым адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна, дзе аформілі пратакол затрымання. Свярдлову не тлумачылі прычын цікавасці да яго асобы.
Зараз адвакат Свярдлова рыхтуе касацыйную скаргу на прысуд. Калі яна будзе задаволеная, то журналіст Еўрарадыё выйдзе на свабоду праз тыдзень — 2 ліпеня.
Нагадаем, што нашага журналіста абвінавацілі ў бруднай лаянцы і прысудзілі да 15 сутак арышту. Еўрарадыё не выключае, што Свярдлова затрымалі, каб адпомсціць за рэпартаж з мінскага метро, калі журналісты прайшліся ў падземцы з вялікай сумкай і на іх ніхто не звярнуў увагі. У той жа дзень, 22 чэрвеня, ля офіса Еўрарадыё дзяжурыў сіні мікрааўтобус, а супрацоўнікі міліцыі ў цывільным цікавіліся ў вахцёршы, ці ёсць у будынку карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн.