Патрэбная Лукашэнку апазіцыя вырасце падчас парламенцкіх выбараў?
Гайдукевіч мяркуе, што гэта ён — тая самая канструктыўная апазіцыя, пра якую кажуць улады. Але эксперты лічаць, што ёй яшчэ толькі належыць з’явіцца.
Днямі кіраўнік краіны заявіў, што быў бы рады наяўнасці ў Беларусі “канструктыўнай” апазіцыі, а не “пятай калоны”. Еўрарадыё даведалася, хто можа прэтэндаваць на гэта “ганаровае” званне.
Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч упэўнена заявіў, што пад канструктыўнай апазіцыяй Лукашэнка меў на ўвазе яго і ягоную партыю. Але, кажа, гэта не азначае, што ЛДПБ падтрымлівае ўладу.
Сяргей Гайдукевіч: “Гэта ён меў на ўвазе нашу партыю. Нам хаваць няма чаго — вы гэта і самі выдатна ведаеце. Але я не кажу, што гэта азначае падтакваць, пагаджацца. Ці я гэта раблю? Назавіце мне хоць адзін прыклад, каб я падтакваў. Я што, кагосьці павіншаваў ці дзесьці нешта рабіў?! Ці працую дзесьці ў кагосьці? Мне скажуць: “Вы падтрымліваеце ўладу”. Не падтрымліваем мы ўладу — мы супрацоўнічаем з уладамі на тых участках, дзе выгадна партыі і выгадна дзяржаве. Я патрыёт сваёй дзяржавы, люблю сваю радзіму і не збіраюся прамяняць яе суверэнітэт. Але мы разыходзімся ў іншым. Я, да прыкладу, за тое, каб валюта была адзіная, каб інтэграцыя ішла неяк інакш”.
Што тычыцца перспектыў, якія адкрывае гэтае прызнанне перад яго партыяй, дык Гайдукевіч кажа, што ЛДПБ і так сябе добра адчувала. Але адной яго партыі для стварэння сапраўднай канструктыўнай апазіцыі ў краіне мала, лічыць палітык. І “запісацца” ў яе, на яго думку, могуць усе сённяшнія палітычныя сілы краіны. Калі пастараюцца.
Сяргей Гайдукевіч: “Будзе будучыня і за астатнімі партыямі, калі яны стануць сапраўднымі беларускімі партыямі. Трэба быць разумным, дзейнічаць у інтарэсах партыі, у інтарэсах сябраў сваёй партыі. І спыняць іх там, дзе патрэбна. Няхай будуць і іншыя палітычныя партыі, якія могуць мець зносіны [з уладамі — Еўрарадыё], выказваць іншы пункт погляду. А то толькі: “Далоў!”. Пятнаццаць гадоў “Далоў!” — а што далей? Яшчэ 15 гадоў будзеце чакаць — дзеці вырастуць і ўнукі стануць дарослымі”.
З тым, што Гайдукевіча можна аднесці да канструктыўнай апазіцыі, пагадзілася і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Кажа, з аднаго боку, ён і не зусім “ручны” палітык, а з іншага — гатовы да супрацоўніцтва з уладай. А вось назваць яшчэ хоць кагосьці, здольнага прэтэндаваць на званне канструктыўнага палітыка, старшыня ЦВК не здолела. А ўсё таму, што яны не толькі не супрацоўнічаюць з уладай, але і наогул не працуюць.
Лідзія Ярмошына: “У нас з гэтага пункту гледжання [наколькі яны могуць быць канструктыўнымі. — Еўрарадыё] палітыкі, тыя, якія не працуюць ва ўладзе, вельмі мала вядомыя. Найперш таму, што яны не працуюць ўвогуле. І яны ніякім чынам не ўплываюць на працэсы, што адбываюцца ў грамадстве. Працэсы глыбінныя: стварэнне нейкіх эканамічных мадэляў, функцыянавання асобных галін нашай прамысловасці, культуры, адукацыі і гэтак далей”.
Але, кажа, шлях у клуб канструктыўных палітыкаў адкрыты: наперадзе парламенцкія выбары. Старшыня ЦВК упэўненая, што за той год, які да гэтых выбараў застаўся, у нас абавязкова з’явяцца перспектыўныя палітыкі.
На думку ж палітолага Юрыя Шаўцова, і з Гайдукевіча канструктыўны палітык — ніякі.
Юры Шаўцоў: “Я не думаю, што меўся на ўвазе Гайдуеквіч. Гайдукевіч — гэта фігура, якая мае вялікую гісторыю свайго палітычнага існавання. І наўрад ці ён будзе, ці захоча, мяняць сваё месца ў палітычнай сістэме Беларусі. Навошта? У яго ўсё нармалёва”.
Што тычыцца існуючых палітычных сіл, кажа Шаўцоў, дык у іх нават перспектывы пераўтварыцца ў канструктыўную апазіцыю няма. На думку эксперта, яны прызвычаіліся жыць на заходнія гранты і даўно забыліся, што асноўная мэта апазіцыі — змаганне за ўладу. А яны, кажа, толькі імітуюць гэта змаганне. І змяняць нешта, як і Гайдукевіч, не захочуць.
Затое палітолаг пагаджаецца са старшынёй ЦВК ў тым, што чаканую прэзідэнтам канструктыўную апазіцыю могуць “нарадзіць” парламенцкія выбары.
Юры Шаўцоў: “Я сумняюся, што ў бліжэйшыя паўгода ў нас вырасце нешта новае, істотнае і заўважнае. Але цягам бягучага года павінна акрэсліцца: ці адбудзецца з’яўленне да моманту пачатку парламенцкай кампаніі той апазіцыі, пра якую кажа Лукашэнка”.
Ад абмеркавання пытання, ці не могуць улады прызначыць на ролю канструктыўнай апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча або частага госця галоўнай прэзідэнцкай газеты Анатоля Ляўковіча, палітолаг адмовіўся. Кажа, няхай імёны называе прэзідэнт. Бо, на яго думку, да кагосьці канкрэтнага з палітыкаў Лукашэнка і звяртаўся.