Патрапіць у інтэрнат складаней, чым паступіць у ВНУ
Каб засяліцца ў інтэрнат БДУ патрэбны бал вышэйшы за 9, ложак у БДУІР атрымаюць у асноўным льготнікі, а пяцікурснікаў “папрасілі” саміх знайсці сабе жыллё.
“Асноўная частка праходзіць па балах. Бал высвятляецца свой на кожным факультэце, у залежнасці ад таго, як там вучацца студэнты”, – распавядае супрацоўнік студгарадка БДУ.
Да прыкладу, каб трапіць у інтэрнат, студэнт Факультэта міжнародных адносін павінен мець сярэдні бал вышэй за 9. Але найперш засяляюць льготнікаў: студэнтаў-сірот, інвалідаў, членаў банку адоранай моладзі і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
У гэтым годзе кожнае чацвёртае месца ў інтэрнаце аддадуць першакурсніку. Аднак гэта не азначае, што ўсе новаспечаныя студэнты могуць разлічваць на ложак у студгарадку. З 4285 паступіўшых на дзённае аддзяленне, месца ў інтэрнаце ёсць толькі для кожнага трэцяга.
Засяляць першакурснікаў будуць паводле іх балаў па сертыфікатах. Так, напрыклад, студэнт першага курса Факультэта міжнародных адносін мусіць набраць вышэй за 350 балаў з 400 магчымых!
Замежнік можа разлічваць на інтэрнат, калі гэта абумоўлена кантрактам на навучанне, ці калі ён мае высокі бал.
Таксама ў БДУ займаюцца пошукам жылля для студэнтаў: здымныя кватэры тут пачалі шукаць яшчэ ў траўні.
У інтэрнат Радыётэхнічнага ўніверсітэта будуць засяляць у асноўным льготнікаў.
“Дзеці, пацярпелыя падчас ЧАЭС, дзеці-сіроты, інваліды I i II груп. Выхаванцы дамоў інтэрнатаў. Яны без чаргі засяляюцца. Далей – маладыя сем’і, дзеці вайскоўцаў і міліцыянтаў, якія загінулі,. У гэтым годзе ў нас адзін інтэрнат стаў на рамонт”, – распавядаюць у інтэрнаце БДУІРа.
Атрымліваецца, колькасць месцаў для студэнтаў скарацілася. Цяпер ложкаў толькі 2300. Пры гэтым 250 з іх зоймуць студэнты-замежнікі, бо ўніверсітэт абавязаны іх забяспечыць. А студэнтаў пятага курса ў гэты годзе наогул “папрасілі” з інтэрната.
“Мы правялі працу з пяцікурснікамі і папрасілі, маўляў, вы ўжо самастойныя, многія працуюць. Зразумейце становішча ва ўніверсітэце. Мы прапануем вам здымаць жыллё, а большую частку аддаць для першага курса”, – кажа супрацоўнік студгарадка.
Агулам жа ў Радыётэхнічным універсітэце плануюць засяліць каля 40% першакурснікаў з 2084 паступіўшых.
У інтэрнат БНТУ таксама паселяць тых, хто мае льготы. На сёння забяспечанасць месцамі ў гэтым ВНУ 57% сярод усіх студэнтаў. Цяпер БНТУ мае 12 інтэрнатаў агулам на 6000 месцаў.
Апроч таго, універсітэт мусіць пасяліць у інтэрнатах усіх замежнікаў, якіх цяпер ў гэтым ВНУ каля 1000 чалавек.
Фота: bymedia.net