Партыя БХД рыхтуецца да чацвёртага ўстаноўчага з'езду
Плануецца ён на пачатак наступнага года — студзень або люты.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі.
Палітык кажа, што зараз адбываюцца рэгіянальныя сходы і абласныя канферэнцыі ў рамках падрыхтоўкі да ўстаноўчага з'езду. Рымашэўскі не баіцца таго, што пасля падачы рэгістрацыйных дакументаў улады даведаюцца спісы партыйных актывістаў:
Рымашэўскі: "Я думаю, што гэта няправільная стратэгія — канспіравацца. У нас няма ні падставаў для канспірацыі, ні рэсурсаў. Я кажу пра ўсе беларускія апазіцыйныя сілы. Таму любая канспірацыя сёння, на маю суб'ектыўную думку, — гэта больш гульня ў канспірацыю. Якраз зараз час не хавацца, а адкрыта выказваць сваё меркаванне, бо многія людзі незадаволеныя дзеючай уладай на фоне эканамічнага крызісу. Хавацца ад уладаў было памылковай стратэгіяй... Апроч таго, я перакананы, што ўсіх сябраў Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі ўлады ўсё адно ведаюць".
Па словах Рымашэўскага, устаноўчы з'езд стане і падрыхтоўкай да выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія мусяць адбыцца ў 2012 годзе.
Фота: bymedia.com