Памежны камітэт: перад 1 ліпеня на мяжы абстаноўка спакойная
Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка: памежнікі прапусцяць усіх, пытанне адрасуйце мытнікам.
Еўрарадыё: З 1 ліпеня дня ў нас новыя мыты. Ці паменшыліся чэргі на мяжы?
Цішчанка: “Па апошняй інфармацыі, напрыклад, на “Варшаўскім мосце” абстаноўка дастаткова спакойная, вялікіх патокаў не адзначаецца. Прычым мытная і памежныя службы рабілі ўсё па максімуму, каб максімальна прапусціць і аформіць людзей з машынамі – дадаткоыя змены, кропкі афармлення і г.д. Дастаткова добрая працоўная абстаноўка. Ажыятажу, які прагназаваўся, няма”.
Еўрарадыё: Але чэргі засталіся?
Цішчанка: “Ды я б не сказаў, што гэта нават чэргі. Пад’язждаюць дзясятак-два машын, іх хутка прапускаюць, афармляюць. На дадзены момант вельмі спакойна”.
Еўрарадыё: І гэта на мяжы і літоўскай, і польскай?
Цішчанка: “Гэта на польскім кірунку. На літоўскім напрамку пэўны паток ідзе, але, мяркую, і там стане спакойна. Там троху іншая сітуацыя, звязаная з перавозчыкамі”.
Еўрарадыё: Ці можаце прагназаваць, ці ўсе, хто стаў у чэргі да 1 ліпеня, паспеюць іх прайсці ці не?
Цішчанка: “Калі непасрэдна гаспадары вязуць машыны, яны, канешне, паспеюць. А вось машыны, якія дастаўляюцца перавозчыкамі, то гэта больш пытанне да мытні, паспеюць там ці не. Мы прапусцім усіх”.