Паесці школьнікам каштуе 220 тысяч у месяц

110902 Martin Abedy.mp3

Мэр Мінска Мікалай Ладуцька наведаў адну з сталічных школ і ацаніў тамтэйшыя абеды. У школе, паведамляе мэр, “у сярэднім ад 7200 да 8200 рублёў – агулам  і сняданак, і абед за дзень”. Аднак Еўрарадыё называюць іншыя кошты!

“Гімназічныя класы – да 10 тысяч. Яны атрымоўваюць экспрэс-сняданак пасля другога уроку і пасля пятага абед”, - у 37 гімназіі агучваюць кошт за харчаванне за дзень. Сняданак каштуе каля 5 тысяч, столькі ж бацькі вучняў аддаюць за абед.

Вучні малодшых класаў атрымоўваюць бясплатны экспрэс-сняданак. Таксама бясплатны сняданак для дзяцей з маламаёмасных сем’яў, дзе агульны даход, падзелены на кожнага чалавека сям’і, ніжэйшы за пражытковы мінімум. Ён цяпер - 443 тысячы рублёў.

Атрымліваецца, бацькам даводзіцца плаціць за харчаванне ў школе – 220 тысяч за месяц, калі лічыць за выняткам выходных. Гэта палова пражытковага мінімума!

У экспрэс-сняданак уваходзіць гарачая ежа, сок. У абед - мяса, каша.

“Салацік, свежая гародніна, мясная страва, гарнір. Абед: салат, другая страва – мясная або з птушкі, гарнір – абавязкова суп. У якасці гарніру ў асноўным кашы, макаронныя вырабы…”, - кажуць Еўрарадыё ў Камбінаце школьнага харчавання. Грэчку, дарэчы, дзеці ядуць двойчы на тыдзень.

Калі малодшым школьнікам абеду ў школе хапае, то старэйшыя вучні ядуць некалькі разоў на дзень. Першы раз з класам, а другі – самі, калі прагаладаюцца.

“То бок вучань паснедаў пасля трэцяга уроку, а потым вярнуўся і яшчэ раз з’еў першае і другое, бо застаўся галодны. Учора – 1 верасня для 10-11 класаў абед каштаваў каля 8 тысяч”, - распавядае дырэктар 7 гімназіі Ларыса Смагіна.

У буфеце 7 гімназіі на перамене чарга з вучняў. Хто сок, хто булачку, хто салат. Булачка ці коржык тут каштуюць у раёне 1500 рублёў. Салаты – ад 2 да 4 тысяч. Кава ці гарбата – крыху больш за тысячу.

Дзеці з шматдзетных сем’яў плацяць за абеды менш. Шматдзетнымі лічацца тыя, хто мае 3 дзяцей і больш.

“Для шматдзетных сем’яў сняданак будзе каштаваць 2400, а абед у раёне 6-7 тысяч”.


А вось у школе, дзе навучаецца сын кіраўніка краіны, абеды бясплатныя.

“Харчаванне ў нас для ўсіх дзяцей бясплатнае. Гэта ва ўсіх сельскіх школах мінскага раёну. Адзін раз на дзень дзеці ядуць бясплатна”, - тлумачаць Еўрарадыё у Астрашыцка-гарадоцкай сярэдняй школе.

Цікава, што паводле Белстату сярэдні абед у сталовай у чэрвені каштаваў 6, 5 тысяч рублёў, а ў рэстаране – больш за 12 тысяч.