Па выдатках на харчы беларусы ў Еўропе займаюць трэцяе месца з канца
Яны трацяць на ежу амаль 40% ад усіх спажывецкіх выдаткаў.
Беларусы трацяць на харчы 39,2% ад усіх сваіх спажывецкіх выдаткаў. Сярод еўрапейскіх краінаў Беларусь займае 36 месца: горш, чым у нас, сітуацыя толькі ў Малдове і ва Украіне. Там людзі трацяць на ежу адпаведна 40% і 50% ад таго, што зарабляюць.
Доля выдаткаў на прадукты харчавання ў структуры спажывецкіх выдаткаў – вельмі ўдалы індыкатар, які дазваляе параўнаць узровень жыцця ў розных краінах. Заможныя людзі выдаткоўваюць на ежу толькі каля 10% ад свайго бюджэту, а рэшту трацяць на вопратку, адпачынак, прадметы раскошы.
А вось у краінах, дзе людзі зарабляюць параўнальна няшмат, а кошты не адпавядаюць заробкам, насельніцьву найперш даводзіцца думаць не пра раскошу, а пра тое, як пракарміць сябе і свае сем’і. Таму выдаткі на харчы тут асноўныя, а ўсё астатняе фінансуецца, калі раптам хапае грошай, паведамляе NEWSru.com.