Новыя суды над удзельнікамі Плошчы
Сёння пачнуць судзіць Статкевіча, Уса, Халіп, Севярынца, Марцалева, Пазняка, Класкоўскага, Квяткевіча, Грыбкова, Буланава.
Сёння суд Заводскага раёна Мінска пачне разгляд крымінальнай справы Ірыны Халіп, Паўла Севярынца, Сяргея Марцалева за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Суд Ленінскага раёна Мінска пачне разгляд крымінальнай справы Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзмітрыя Буланава.
Суд Фрунзенскага раёна Мінска працягне разгляд крымінальнай справы Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Насты Палажанкі і Сяргея Вазняка. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Суд Партызанскага раёна Мінска сёння працягне разгляд крымінальнай справы за арганізацыю масавых беспарадкаў Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзіміра Яроменкі.
Суд Маскоўскага раёна Мінска працягне разглядаць крымінальныя справы Дзмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзіміра Лобана, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта і Алега Федаркевіча. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.