Новы альбом IQ48 быў пад пагрозай знішчэння

111012 Malina IQ48.mp3

4 лістапада адбудзецца прэзентацыя новага, трэцяга студыйнага альбома гурта IQ48, які атрымаў дзіўную назву HMR. Расшыфроўваецца гэтая абрэвіятура, як "хэві-метал-рок". Па словах лідара і гітарыста гурта Яўгена Бузоўскага, менавіта так на пачатку 90-х называлі ўсю больш-менш цяжкую музыку, а гэтую абрэвіятуру малявалі на партах ды на сценах. Такім чынам IQ48 пажадаў аддаць даніну павагі тым часам і той музыцы, якая, у прынцыпе, натхніла калектыў на стварэнне гэтага альбома.

Дарэчы, запіс HMR рабіўся гуртом у абноўленым складзе. Замест былога саксафону з'явілася другая гітара, на якой грае Павел Яноўскі (ён жа выступіў і ў ролі саундпрадзюсара альбому), а на басе цяпер грае былы ўдзельнік гуртоў "Крамбамбуля" ды ZET Улад Плюшчаў. Па прызнанні Яўгена, менавіта новы склад і стаў асноўным і станоўчым адрозненнем новага альбома ад папярэдніх. А пра знікненне з аранжыровак саксафону не шкадуе.

Яўген Бузоўскі: "Калі мы пайгралі, сыграліся, калі адчулі, куды, як і ў якім напрамку ісці, то наадварот! Стала зразумела, што ўсё жыццё мне і хацелася граць тое, што стала атрымлівацца цяпер. Хоць не магу сказаць, што раней у нас было нейкае "г". Проста музыка была іншая, але цяперашняй хацелася больш. Зараз музыка больш рыфавая, больш рокавая. Можа быць, менш лірыкі, але больш нейкай канкрэтыкі".

Вокладка альбома


Альбом HMR ад напісання першай песні да апошняй рэкард-сесіі, быў створаны за адзiн год. Непасрэдна запіс адбываўся ў чэрвені-верасні 2011 года на ўласнай студыі гітарыста гурта Паўла Яноўскага, які займаўся і звядзеннем і майстарынгам пласцінкі. Цікава, што, калі HMR ужо быў гатовы, музыкі даведаліся, што ён, як і папярэдні альбом "Героі", знаходзіўся пад пагрозай знішчэння.

Яўген Бузоўскі: "Паўлік распавёў таямніцу, што калі матэрыял ужо быў на фінальнай стадыі, зводзіўся ды майстраваўся, быў нейкі сістэмны збой. У яго амаль паляцеў увесь камп’ютар, у тым ліку і наш матэрыял. І зноў, дзякуй богу, усё засталося. Вядома, можна б было перапісаць, але мы ўжо пэўныя эмоцыі ў яго ўклалі, і нам падабалася тое, што мы зрабілі. Запісаць зноў было б ужо трошкі не тое, а хацелася нейкай шчырасці".

На дыску будзе 11 трэкаў, адзін з якіх "Дай сілы!" будзе выкананы ў дуэце з рэперам Vinsent’ам. Яўген распавёў, што першапачаткова музыку для гэтай песні хацелі скарыстаць для дуэта з Вольгай Самусік, якая памерла ў снежні мінулага года. Але падчас працы над аранжыроўкай музыка вельмі змянілася, ды і тэкст атрымаўся вельмі неадназначны.

Яўген Бузоўскі: "Па тэксце песня, з аднаго боку, пра любоў, а з іншага – пра нейкія жыццёвыя хістанні. А другую частку тэксту пісаў Вінсэнт, і ён рабіў націск менавіта на каханне. А разам дзве часткі тэксту склаліся ў нейкі вельмі загадкавы кактэйль. Чаму менавіта Вінсэнт? Калі мы гэта прыдумалі, ён толькі пачынаў рабіць свае, так бы мовіць, зорныя крокі, і нам падалося цікавым зрабіць нешта менавіта з такім хлопцам".

Як адну з фішак альбома музыкі падаюць выкарыстанне інструмента пад назвай вамола. Яго яны падгледзелі на відэазапісе канцэрта незнаёмага замежнага гурта, і ім так спадабалася яго гучанне, што вырашылі таксама паспрабаваць. У выніку гітарыст Павел Яноўскі самастойна яго сабраў і ўпершыню ў Беларусі выкарыстаў падчас запісу. Але Яўген прызнаўся, што паходжанне вамолы засталося для яго таямніцай.

Яўген Бузоўскі: "Напэўна, вамолу можна аднесці да басавых інструментаў. Уявіце вуду даўжынёй у метры паўтары, на якой нацягнута адна басавая струна. Гук здымаецца такім жа гуказдымальнікам, як у бас гітары. А мелодыя атрымліваецца шляхам рэгуліроўкі нацяжэння струны. Груба кажучы, як на гітары калком. На гэтым будуецца ўся манера выканання, але гук вельмі цікавы".

Хлопцы ўжо выкарыстоўвалі вамолу падчас сваіх канцэртаў, а таму абяцаюць і на прэзентацыі, якая адбудзецца 4 лістапада ў клубе Re:Public, пазнаёміць з ім усіх наведвальнікаў. Дарэчы, падчас прэзентацыі падтрымліваць IQ48 будзе гурт "Разбітае сэрца пацана". Яўген зараз дамаўляецца і пра нейкія дуэты, але канкрэтна з кім, пакуль не прызнаецца. Каштаваць квіткі на канцэрт-прэзентацыю альбома HMR будуць ад 40 да 55 тысяч рублёў, а першыя сто толькі 35 тысяч.