Недзяржаўныя арганізацыі хочаць адукоўваць рэгіёны
Прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый Беларусі абмяркуюць перспектывы дадатковай адукацыі дарослых у малых гарадах.
24 верасня — 2 кастрычніка ў Мінску пройдзе 6-ы Тыдзень нефармальнай адукацыі. Ініцыятары — шэраг недзяржаўных аб’яднанняў — зладзяць адукацыйныя мерапрыемствы ў некалькіх гарадах. Цэнтральная тэма Тыдня — прасоўванне прапановаў дадатковай адукацыі для дарослых у малыя гарады ды мястэчкі.
“На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у беларускім грамадстве сфармаваўся пэўны попыт на розныя праграмы навучання, накіраваныя на асабістае, сацыяльнае і прафесійнае развіццё. І гэта характэрна не толькі для сталіцы і абласных цэнтраў, але і для малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Пры гэтым прапанова паслуг і праграм дадатковай адукацыі дарослых па-ранейшаму пераважна засяроджаная ў Мінску”, — адзначаюць арганізатары.
У Беларусі ўпершыню Тыдзень нефармальнай адукацыі прайшоў у 2005 годзе. Такім спосабам грамадскія аб’яднанні прэзентуюць сваю дзейнасць і папулярызуюць ідэю адукацыі на працягу ўсяго жыцця.