Нацбанк развітваецца з Палескім дзяржаўным універсітэтам?

Пра гэтыя планы падчас візіту ў Пінск распавёў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. У Нацбанку Еўрарадыё паведамілі, што развітанне з універсітэтам можа стаць наступным крокам па выкананні леташняга ўказа прэзідэнта № 477. Згодна з ім, Нацбанк пазбаўляецца функцыяў, не звязаных з банкаўскай дзейнасцю.

Вось як каментуе сітуацыю прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка:

“Указ — гэта заўжды кансалідаваная пазіцыя. Гэта не значыць, што нехта загадаў і ўсе зрабілі. Рашэнне прымаецца, у тым ліку, з улікам меркавання Нацыянальнага банка і яго кіраўніцтва. Таму нельга казаць пра тое, што Нацбанку выламалі рукі і выдралі ў яго ўсё, што можна”.

У рэктараце Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Еўрарадыё пацвердзілі, што з новага года ўніверсітэт можа быць падпарадкаваны іншаму кіраўніцтву. Але падкрэслілі, што канчатковае рашэнне на гэты конт яшчэ не прынятае.