Нацбанк: Гэта не дэвальвацыя, а рыначныя адносіны на вузкім сегменце рынка
Ці далі камерцыйным банкам “рэкамендацыі” па ўзроўні курсаў, і ці ёсць гэта дэвальвацыя, Еўрарадыё расказаў прадстаўнік Нацбанка Анатоль Драздоў
Еўрарадыё: Тое, што камерцыйным банкам дазволілі ўсталёўваць свабодны курс валют для насельніцтва, можна называць дэвальвацыяй?
--Дэвальвацыя бывае афіцыйнай, а бывае – неафіцыйнай. Афіцыйнай дэвальвацыі ў краіне ніхто не праводзіў. Афіцыйная дэвальвацыя – гэта дэвальвацыя афіцыйнай нацыянальнай валюты. Такой дэвальвацыі ў нас не адбылося.
--І як тое, што адбылося, называецца правільна?
--Скажам так: гэта ўвядзенне рыначных адносінаў на вузкім сегменце рынка.
--А курс Нацбанка застанецца такім, як быў, напрыклад, учора?
--У тых жа межах, скажам так.
--І як доўга ён такім пратрымаецца?
--Такіх прагнозаў мы не даем. Гэта будзе залежаць ад сітуацыі.
--Ці дае Нацбанк рэкамендацыі камерцыйным банкам, у якіх межах прытрымлівацца курса валют?
--Скажам так – Нацыянальны банк працуе ў цесным кантакце з камерцыйнымі банкамі, мы рэгулярна збіраемся на нарады. На пашыранае праўленне раз у квартал запрашаюцца ўсе кіраўнікі камерцыйных банкаў. Любы з іх, пры наяўнасці ў іх такой неабходнасці, мае магчымасць быць прынятым кіраўніцтвам Нацыянальнага банка. У нашай краіне, у банкаўскім асяроддзі, існуюць дэмакратычныя адносіны, якім зайздросцяць шмат якія краіны-суседзі. Такое цеснае супрацоўніцтва Нацыянальнага банка з камерцыйнымі сустракаецца ў свеце рэдка. Таму, кіраўнікі камерцыйных банкаў у курсе ўсіх нашых рашэнняў, усіх нашых планаў. І, адпаведна, стараюцца працаваць у адной камандзе.
--Вы так і не адказалі на пытанне. Скажыце, ці бывае такое, каб Нацбанк сказаў: “Вы, вядома, камерцыйныя банкі, але давайце курс долара ўсталюем не больш за, напрыклад, 4 тысячы”?
--Я ніколі не прысутнічаў на такога кшталту размовах, таму сцвярджаць такога не магу.
--Атрымліваецца, што калі нейкі банк сёння вырашыць паставіць курс долара 4500, то Нацбанк на гэта нічога не скажа?
--Акрамя жадання ўсталяваць нейкі курс, існуе яшчэ такое паняцце як канкурэнцыя. Калі адзін банк паставіць курс 4500, а другі – 4000, то вы разумееце, у каго будуць набываць долары. А канкурэнцыя на беларускам банкаўскім рынку існуе, і дастаткова жорсткая.
--Але пра канкурэнцыю можна казаць тады, калі ёсць што прадаваць. Ці з’явіцца, на ваш погляд, нарэшце ў абменніках валюта?
--Пажывем-пабачым. Але, звычайна, такое рынкавае рэгуляванне прыводзіць да таго, што валюта з’яўляецца і дастаткова хутка.
--Будзем спадзявацца, што чэргі знікнуць каля абменнікаў...
--Яны проста губляюць сэнс. З увядзеннем гэтых рэкамендацый, якія мы сёння зрабілі, сэнс гэтых чэргаў губляецца.
--А калі зменіцца безнаяўны курс?
--На біржавым рынку ён і так свабодны. Мы дзейнічаем паэтапна: спачатку мы вызвалілі курс на біржавым рынку, потым – на наяўным рынку. А далей будзе бачна – ці спатрэбяцца нейкія іншыя дзеянні.
--Лагічным працягам сённяшніх дзеянняў лічыцца дэвальвацыя рубля. Будзе яна ці не?
--Не заўсёды такія меры вядуць да дэвальвацыі. Чамусьці ўсе лічаць, што калі курс усталюецца, то ён будзе абавязкова высокім. А чаму ён не можа вярнуцца ўніз, да афіцыйнага? Такія прыклады ў нашай практыцы ўжо былі.
--Нават такі варыянт вы не выключаеце?
--Так.