Набыць квіток да Бабруйска – гадзіна, схадзіць у паліклініку – дзве

111213 Martin 4ergi.mp3

Купляю квіток на цягнік на мінскім вакзале. У чарзе ў розныя акенцы стаіць ад 3 да 5 чалавек. Набыць квіток у гэты час – каля 20 хвілін. Але пад вечар у касах людзей значна больш.

“Увечары, калі ўсе пасля працы, людзей шмат, я памятаю гадзіну стаяла”, – скардзіцца студэнтка, якая набывае квіток да Бабруйска.

За ёй дзяўчына, таксама кіруецца ў Бабруйск. Каб не марнаваць час, займаецца карыснымі справамі:

“Музыку слухаю, у інтэрнэт з тэлефона заходжу, з сяброўкай размаўляю”.

На выхадзе з вакзала – чалавек 30 у чарзе каля шапіка з гароднінай.

“Прадаюць памідоры адносна танна. Недзе па 15 тысяч”, – адказвае мне Святлана на маё пытанне: “што даюць і хто апошні?”.

Памідоры – рэч патрэбная, займаю чаргу. Праз паўгадзіны ўжо з квітком у Бабруйск і гароднінай іду плаціць за тэлефон.

У паштовым аддзяленні па вуліцы Маскоўскай апоўдні каля 20 чалавек. Працуюць усе тры акенцы. Пакласці грошы на тэлефон – 15 хвілін.

“Максімум бывае чалавек 15 у чарзе – гэта калі адна каса зачыняецца і працуюць дзве, – кажа супрацоўніца пошты. – Але ў нас амаль заўжды працуюць тры касы, калі будзе меней, людзі скардзяцца”.

У часе супрацоўнікі пошты не абмежаваныя, бо канкрэтных нарматываў па абслугоўванні кліентаў няма.

У аддзяленні Беларусбанка на вуліцы Маркса стаіць па 3-4 чалавекі ў кожнае акенца. Каб пакласці тут грошы на тэлефон, трэба 3 хвіліны. З 7 акенцаў працуе чатыры. Але гэтага дастаткова, запэўнівае супрацоўніца банка і дадае, што калі чарга рэзка вырасце, дадаткова акенцы адчыняць не будуць.

“Ёсць графік працы і графік працы акенцаў. Усе працуюць згодна з рэжымам і графікам”.

У банку таксама няма абмежаванняў у часе. На аднаго кліента спатрэбіцца 3 хвіліны, а на іншага можа і 10.

Найбольшыя чэргі – у паліклініках. Тут можна чакаць лекара дзве гадзіны.

“Калі хочаш да тэрапеўта, сядаеш у чаргу і чакаеш гадзіны дзве, чытаеш кнігу. Выйсце – прыходзіць да канца прыёму”, – скардзіцца студэнтка ля паліклінікі.

Прычым нарматывы па часе тут ёсць, на чалавека – 15 хвілін. Але гэты час лекары могуць павялічыць у 5 разоў.

“Па некаторых днях ёсць наплыў. Шмат людзей у панядзелак. Часам, усе талоны раздадзеныя і на нейкага пацыента спатрэбіцца гадзіна, замест 15 хвілін. Тады шмат давядзецца чакаць”, – тлумачаць у 16 паліклініцы.

Падлічым. Квіток на вакзале – 20 хвілін. Візіт да лекара – гадзіна, ці дзве. Набыць танныя памідоры ў шапіку – яшчэ паўгадзіны. Плюс – аплаціць тэлефон на пошце за 15 хвілін. Калі ўсё гэта ў пікавую гадзіну – на чаргу можа спатрэбіцца нават 4 гадзіны!

Фота: bymedia.net