Набыццё мытнікам канфіскаванага аўто — падстава для расследавання

Пра гэта падчас прамой тэлефоннай лініі выказаўся старшыня Мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі:

“За адзінаццаць гадоў працы ў Мытым камітэце я асадку не набыў у гэтай краме! І я мяркую, што супрацоўнікі мытных органаў тое ж самае робяць. Бо, як кажуць, ёсць прычынна-выніковая сувязь паміж канфіскацыяй і набыццём маёмасці зацікаўленай асобай. І намі не вітаецца, калі супрацоўнік, да прыкладу, набывае канфіскаваную машыну — гэта ўжо прадмет для службовага расследавання”.

Тым не менш, адказаць, чаму ў крамах канфіскату немагчыма ўбачыць “айфоны”, якія апошнім часам ледзь не сотнямі канфіскуюць беларускія мытнікі, старшыня Мытнага камітэта не здолеў. Маўляў, Мытны камітэт да продажу ці іх распаўсюду не мае ніякіх адносінаў. Па словах Шпілеўскага, усе канфіскаваныя рэчы мытнікі перадаюць у “Камісію па працы з канфіскаванай маёмасцю”, ад якой і залежыць іх далейшы лёс.

Фота — bymedia.net