На заводзе колавых цягачоў п’яніц кадзіруюць, а на “Крышталі” — звальняюць

Паводле словаў начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Мінгарвыканкама Сяргея Хільмана, у Мінску з п'янствам на працоўных месцах змагаецца каля 1250 адмысловых камісій. Агулам у камісіях працуе каля 7 тысяч чалавек. І колькасць іх з кожным годам павялічваецца.

Ёсць такая камісія і на Мінскім заводзе колавых цягачоў “Volat”. Прычым, кажа намеснік дырэктара па ідэалогіі і працы з кадрамі Павел Назараў, не адна — у кожным цэху! Агулам туды ўваходзіць больш за сотню чалавек.

Павел Назараў: “У кожным цэху ў нас ёсць камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Чатырнаццаць, здаецца, камісій цэхавых у нас функцыянуе”.

На антыалкагольных пасяджэннях парушальнікам прапануюць нават кадзіроўку. Але плаціць трэба са сваёй кішэні.

Павел Назараў: “Я не ўсім давяраю спецыялістам, якія праводзяць кадзіроўку. У мяне ўжо даўно адпрацаваны варыянт: накіроўваем да Данской. Але гэта павінна быць добраахвотна. Але плацяць са сваёй кішэні. Больш за тое, мы папярэджваем, што гэта нятанна — 420 тысяч трэба заплаціць. Але кажам: “Хочаш працаваць, хочаш зарабляць, карміць сям’ю — прымай рашэнне!” Далей, не налічваем прэмію тым, хто парушае. Калі адпачынак яго быў паводле графіку ў летні час — пераносім на зіму”.

Апроч таго, у кожным цэху павесілі “дошкі гонару” з партрэтамі аматараў выпіць, аматараў нешта сцягнуць. Дошка так і называецца — “Нам з імі не па дарозе”. А тых, хто змагаецца з “зялёным змеем”, — прэміруюць. Праўда, кажа Назараў, не наяўнымі грашыма.

Павел Назараў: “Людзі выконваюць гэтую працу на грамадскіх пачатках. Вядома, адміністрацыя, генеральны дырэктар, я спрабуем пастаянна пры магчымасці даць мажлівасць людзям адпачыць. Да прыкладу, у нас зараз 40 чалавек ездзілі ва Львоў”.

Увогуле, на заводзе “Volat” цякучасць кадраў вялікая. Толькі летась звольнілі 900 чалавек. З іх, кажа намеснік дырэктара, толькі каля 45 — за п’янства. Праўда, і на працу прынялі каля 1 тысячы. Паводле Назарава, лічба ў 45 чалавек нішто ў параўнанні з тым, колькі людзей звальнялі за злоўжыванне алкаголем яшчэ некалькі год таму. Праца камісіі відавочная.

На гарэлачным заводзе “Крышталь” таксама ёсць такая камісія. Як кажа старшыня камісіі Ірына Гетава, размова з аматарамі выпіць на “Крышталі” кароткая: імгненнае звальненне. Камісія калі і збіраецца, то толькі каб пацвердзіць гэтае рашэнне.

Ірына Гетава: “У нас няма людзей, якія п’юць на працы. Як толькі такія людзі з’яўляюцца — мы ж бярэм з вуліцы чалавека на нейкае працоўнае месца і не ведаем яго, так бы мовіць, здольнасцяў, і калі ён праяўляе сябе слабым з гэтага пункту гледжання, то яго адразу звальняюць. Не чакаючы, пакуль ён у нас на заводзе сап’ецца”.

Ніякіх кадзіровак супрацоўнікам не прапануюць і доўгіх выратавальных размоваў не вядуць. Праўда, ці сябруе супрацоўнік з чаркай за межамі завода, адміністрацыю не хвалюе.

Ірына Гетава: “Выйдзе за прахадную і там любіць “прыкласціся”?.. Мы сваю прадукцыю выпускаем на радасць людзям. Піце на здароўе і на радасць! Толькі трэба ведаць меру і валодаць культурай у гэтым плане”.

Колькі чалавек звольнілі апошнім часам за злоўжыванне з “Крышталя”, нам не удакладнілі. А што тычыцца колькасці сябраў камісіі па барацьбе з п’янствам, то іх усяго некалькі чалавек.

Дарэчы, згодна са звесткамі Белстата, за студзень-сакавік 2011 года беларусы набылі гарэлкі і піва на суму 1 трыльён 397 мільярдаў рублёў. Значна больш, чым год таму.