На штрафы затрыманым 22 чэрвеня сабрана амаль 11 мільёнаў рублёў
Пра гэта паведамілі стваральнікі суполкі "вКонтакте" пад назвай "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку"
За 4 дні для 33 аштрафаваных удзельнікаў акцыяў "маўклівага пратэсту" сабрана 10 мільёнаў 860 тысяч рублёў. Пра гэта паведамілі стваральнікі суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку", што існуе "вКонтакте".
Гэтая сума была размеркаваная наступным чынам: 7 мільёнаў для аплаты штрафаў атрымалі сталічныя праваабаронцы. 1 мільён 380 тысяч накіравана на аплату штрафаў у рэгіёны. Рэшта засталася "у банку" і будзе перададзеная на штрафы ў бліжэйшы час, — далі справаздачу стваральнікі суполкі.
Нагадаем, 22 чэрвеня акцыі "маўклівага пратэсту" прайшлі ў 50 беларускіх гарадах. Яны скончыліся масавымі запіхваннямі людзей у аўтазакі "для высвятлення асобы". Па афіцыйных звестках, у аддзяленні міліцыі па ўсёй Беларусі было дастаўлена 200 чалавек. Праваабаронцы называюць удвая большую лічбу.
Ужо 23 чэрвеня над затрыманымі прайшлі суды. Штрафамі было пакарана 33 чалавекі. Найбольш распаўсюджаны штраф склаў 20 базавых велічыняў — 700 тысяч беларускіх рублёў.