На нарадзе ў прэзідэнта пераглядаюць вынікі “Еўрафэста”

Паводле інфармацыі газеты “Комсомольская правда в Белоруссии”, нарада пачынаецца прыкладна ў 14:30. У ёй бяруць удзел міністр культуры Павел Латушка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, прадстаўнікі “Белтэлекама”, Следчага камітэта і ААЦ.

Дырэктар Litesound Юрый Каракін пакуль што не мае дакладных звестак пра нараду. Ён падкрэслівае, што скандал вакол “Еўрафэста” раздзьмуў не гурт, а простыя людзі, незадаволеныя вынікамі конкурсу:

Юрый Каракін: “Таксама прынцыповасць журналістаў, іх салідарнасць адыграла вялікую ролю. Калі здарыцца так, што мы пераможам… Я бачу ў гэтым прыкметы таго, што нараджаецца грамадзянская супольнасць. І ўнёсак журналістаў вельмі вялікі”.

Ці азначае нарада ў прэзідэнта, што падчас “Еўрафэста” галасы гледачоў і журы былі падлічаныя недакладна? Еўрарадыё звяртала ўвагу на тое, што 4 з 10 сяброў журы паставілі Алёну Ланскую на апошняе месца. Але тэарэтычна яна ўсё ж захоўвала шанцы на перамогу ў “агульным” заліку: меркаванне журы + глядацкае галасаванне.