На месцы дзіцячага садка сталічныя ўлады хочуць узвесці шматпавярховік
Мясцовыя жыхары патрабуюць пакараць чыноўнікаў, што давялі садок да занядбанага стану.
На месцы напоўразбуранага дзіцячага садка па вуліцы Славінскага ў Мінску ўлады хочуць пабудаваць дзевяціпавярховы жылы дом. На 14 снежня была прызначаная прэзентацыя праекта будынка. У адказ мясцовыя жыхары патрабуюць пакараць чыноўнікаў, вінаватых у давядзенні садка да такога стану і аднаўленне яго працы.
Па словах мясцовага актывіста Віктара Янчурэвіча, зараз у мікрараёне “Усход-2” усяго 2 дзіцячыя садкі, але на ўсе прэтэнзіі бацькоў у мясцовай адміністрацыі раяць вадзіць дзяцей у садкі іншых мікрараёнаў.
Віктар Янчурэвіч: “Першапачаткова ў мікрараёне “Усход-2” існавалі 4 дзіцячыя садкі. На сённяшні дзень 2 з іх зачыненыя. Я дапамагаў у свой час мясцовым жыхарам збіраць подпісы ў абарону гэтага дзіцячага садка №70. і падчас збору подпісаў маладыя сем’і распавядалі пра тое, што з моманту нараджэння дзіцяці яны запісвалі яго ў дзіцячы садок. Але ў адказ раённая адміністрацыя прапаноўвае ісці ў садкі па вуліцы Каліноўскага ці бліжэй да праспекта Незалежнасці ў мікрараён “Усход-1”. Кажуць, што садкоў побач дастаткова, праблем з месцамі няма”.
Бацькі з гэтым катэгарычна не згодныя. Але найбольш мясцовых жыхароў абурае тое, як складалася гісторыя гэтага садка. Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя была праведзеная яго рэканструкцыя, садок давялі да ладу, зрабілі ў ім басейн, ён карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод бацькоў. Але нечакана ў 2002 годзе яго зачынілі. Нібыта, з-за недахопу дзяцей. І адразу ўзнік праект будаўніцтва на месцы дзіцячай установы 19-павярховага жылога дома. Жыхары не дазволілі гэтага зрабіць. Зараз вырашылі пабудаваць дзевяціпавярховы дом.
Па словах Янчурэвіча, магчымасць аднаўлення працы садка мясцовай адміністрацыяй нават не разглядаецца. І бацькі, нягледзячы на тое, што амаль за 10 гадоў прастою садок прыйшоў у занядбаны стан, патрабуюць яго новай рэканструкцыі і аднаўлення працы. Гэтыя свае патрабаванні людзі і збіраюцца перадаць сёння прадстаўнікам мясцовай улады падчас прэзентацыі праекта будаўніцтва жылога дома на месцы дзіцячага садка.