На Гродзеншчыне забаранілі кінафэст Cinema Perpetuum Mobile

Гродзенцам, якія набылі квіткі, прапанавалі паглядзець "Ганну Карэніну". Такая ж сітуацыя з фэстам склалася і ў Лідзе, піша газета "Вечерний Гродно".

Пасля таго як мерапрыемства ўжо стартавала, выявілася, што фэст у Гродне арганізаваны без дазволу аддзелаў культуры і ідэалогіі гарвыканкама. Пра гэта заявіў дырэктар "Гроднакінавідэапракату" Юрый Аляксей.

У каардынатаркі фэсту ў Гродне Юліі Каляды іншая версія. Па яе словах, у мерапрыемстве ўгледзелі камерцыйны падтэкст і вырашылі, што яно фінансуецца з невядомых крыніц. Насамрэч, кажуць арганізатары, фэст ладзіцца сіламі валанцёраў.

Па словах заснавальніка і каардынатара Cinema Perpetuum Mobile у Беларусі Аляксандра Мартынюка, ні ў адным горадзе краіны асобнага дазволу ад мясцовых улад не патрабавалася. Фэст прайшоў у васьмі гарадах Беларусі і яшчэ ў 14 краінах свету.

Фота — artaktivist.org