На ёлачных кірмашах Мінска можна набыць ёлкі з Еўрасаюза
Яны каштуюць пад паўмільёна за штуку. Беларускія – ад 25 тысяч.
“Я прыйшоў набываць ёлку. Вы ведаеце што – пах не падробіш. У мяне дома 3.15 метра (вышыня столі -- Еўрарадыё), мне трэба паставіць трохметровую ёлку, сто адсоткаў”, -- расказвае Еўрарадыё ахвотнік набыць навагодняе дрэва. Мужчыну не палохае дождж і ён ўжо з дзясятак хвілін надакучвае прадаўцам кірмашу, што ля гандлёвага дому “На Нямізе”.
Ёлак тут шмат – шэрыя бетонныя сцены літаральна заваленыя прыгажунямі розных памераў – ад самых маленькіх паўметровых, да трохметровых. Прадаўцы – маладыя хлопцы з нажоўкамі ў руках – кажуць, што пад вечар тут ўжо нічога не застанецца.
“280 штук учора прадалі. Пазаўчора – 300. Народ набывае, бо ў нас самыя танныя ў горадзе. У нас ужо пяць гадоў такі ёлачны кірмаш. Усё раскупляюць. Практычна да двух метраў ўвесь час”.
Выбраць ёлку на кірмашах зусім не так проста, як падаецца. Яны толькі здалёку ўсе аднолькавыя. Насамрэч, кожны прадавец вам раскажа, што іх дзесяткі розных відаў: “Калючая”, “Калядная”, “Сербская”. Можна набыць і насамрэч жывую – у кадцы. А можна замест традыцыйнай ёлкі набыць тую. А калі хочацца зусім нейкага эксклюзіву, то прадаўцы раяць звярнуць увагу на польскія ёлкі. Праўда, каштуюць яны зусім нятанна.
“Прадаём ёлкі польскія, адборныя. Ну вось бачыце, перад вамі стаіць. Яна адборная, блакітная. Яна прывезена з Польшчы. Яна вельмі пышная і яе кошт дастаткова немаленькі – 468 тысяч. Не, не ў гаршчку. Але яна адсечаная так, што дастаткова доўга можа стаяць. Ну, месяцы тры яшчэ будзе стаяць”.
Як даведалася Еўрарадыё, гандлёвы дом “На Нямізе” набывае ёлкі ў лясніцтве пад Радашковічамі. Прычым пасылае туды сваіх прадаўцоў, каб яны выбралі лепшы тавар.
“Гэтыя ёлкі адмыслова высякаюцца з лесу. Ну, у нас іх добра выбіраюць. Нашы работнікі ездзяць туды і дапамагаюць леснікам выбіраць ёлкі. Дастаткова добрыя ёлкі прывозяцца да нас. Яшчэ не было такога года, каб не раскупілі. Усё раскуплялі”.
А вось гаспадыня невялічкага кірмашыку ля кінатэатра “Кіеў” кажа, што ёлкі ёй прывозяць са Смалявіцкага лясніцтва. Тут ніякай раскошы – выключна беларускія дрэвы. Праўда, каштуюць чамусьці значна даражэй – ад 50 да 90 тысяч.
Тэлефануем у Смалявічы. Там кошты на тыя самыя ёлкі ніжэйшыя… удвая! Нядрэнны бізнес.
“Ад 20 тысяч самая маленькая. Ёсць яшчэ ў нас елкі ў кадках – блакітныя і калючыя, елка калючая. Яны недзе па сто. За сезон звычайна мы елак па 4-5 тысяч прадаём”.
Калі ўлічыць, што кошт сярэдняй елкі ў пітомніку – 35 тысяч, то за кароткі навагодні сезон лясніцтва заробіць на ялінах каля 175 мільёнаў. А ў прыватнікаў, якія перапрадаюць зялёных прыгажунь, рэнтабельнасць складае каля 100%. І людзі купляюць – свята ж!
Фота аўтара.