На будучыя выбары ЦВК грошы папрасіў, але пакуль не атрымаў
У Цэнтрвыбаркаме да гэтага часу не ведаюць, колькі грошай выдзяляць ім на правядзенне парламенцкіх выбараў.
І непакояцца, каб на ўсе патрэбы выбарчай кампаніі хапіла той сумы, якую прапішуць у бюджэце. Пра гэта Еўрарадыё расказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Ярмошына: “Ніхто толкам не ведае, колькі сродкаў будзе выдзелена і колькі іх будзе дастаткова. Звязана гэта, безумоўна, з інфляцыяй. Мы зрабілі запыт на пэўную суму — яе ўжо некалькі разоў індэксавалі. І з чым будзе зацвержаны бюджэт краіны на наступны год мы пакуль не ведаем”.
І таму, гаворыць старшыня ЦВК, яны вельмі спадзяюцца на тое, што ў краіне будзе фінансава-эканамічная стабільнасць. Якую суму Цэнтрвыбаркам папрасіў у дзяржавы на правядзенне парламенцкіх выбараў, Ярмошына не паведаміла.