МЗС Беларусі не ведае, дзе дачка Класкоўскай

Нагадаем, у пачатку лютага 2013-га сацыяльныя службы Швецыі забралі ў Вольгі Класкоўскай яе сямімесячнага сына, народжанага ў гэтай краіне. Былая беларуская журналістка была арыштаваная ў Швецыі 30 сакавіка і знаходзіцца ў жаночай турме. Класкоўскую падазраюць у замаху на забойства свайго мужа. 130403_savinyhpraklaskouskuju.mp3

Андрэй Савіных: “Дадзеная інфармацыя (што насамрэч адбылося з Вольгай Класкоўскай — Еўрарадыё) з’яўляецца канфідэнцыйнай, яна тычыцца сітуацыі з грамадзянкай Беларусі і не будзе агалошвацца да прыняцця нейкага судовага рашэння. А тым больш — да заканчэння следства. Ёй будзе аказаная ў выпадку неабходнасці прававая дапамога — тут праблем не ўзнікае, хоць сама сітуацыя дастаткова складаная. У дадзены момант мы больш занепакоены сітуацыяй з Міраславай Навумовіч (11-гадовая дачка Вольгі Класкоўскай ад першага шлюбу — Еўрарадыё), непоўнагадовай грамадзянкай Беларусі, месцазнаходжанне якой невядома. Мы знаходзімся ў кантакце з праваахоўнымі органамі Швецыі, якія ажыццяўляюць яе вышук”.

І калі месцазнаходжанне дзяўчынкі ў Швецыі будзе высветлена, запэўнівае Савіных, МЗС Беларусі пахадайнічае наконт яе вяртання на радзіму — да бабулі і дзядулі. Што тычыцца малодшага сына Класкоўскай Адама, якога яе пазбавілі сацыяльныя службы гэтай краіны, то, тлумачыць прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства, ён — грамадзянін Швецыі, знаходзіцца на тэрыторыі гэтай краіны і на яго ў поўнай меры распаўсюджваецца шведскае заканадаўства.

Фота — svaboda.org