МЗС Літвы: Мы свядома ўзнялі пытанне палітвязняў падчас візіту ў Мінск

Двухбаковыя палітычныя кансультацыі міністэрстваў замежных спраў Літвы і Беларусі прайшлі 28 сакавіка ў Мінску. Арганізаваныя яны былі на запрашэнне беларускага боку. Дэлегацыямі краін кіравалі віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Крывас таксама сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

Паводле інфармацыі беларускіх СМІ, кансультацыі практычна абмежаваліся “абмеркаваннем актуальнага стану і перспектыў развіцця ўсяго комплексу двухбаковых беларуска-літоўскіх адносінаў з акцэнтам на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.

Але як паведамляе Еўрарадыё віцэ-міністр Андрус Крывас, падчас кансультацый актыўна абмяркоўвалася пытанне палітзняволеных.
130329_kryvaspalitviazni.mp3
Андрус Крывас: Гэта тэма сапраўды закраналася, і закраналася з маёй ініцыятывы. Але нашых беларускіх партнёраў гэта ніколькі не здзівіла, бо ў двухбаковых кантактах паміж усімі краінамі Еўрапейскага саюза і Беларуссю гэтая тэма ўзнімаецца пастаянна. Бо гэта з’яўляецца адной з асноўных праблем у адносінах паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам.



Еўрарадыё: І як прадстаўнікі беларускага боку адрэагавалі на вашы словы?

Андрус Крывас: Я б хацеў зараз абмежавацца тым, што пытанне было абмеркаванае ў дзелавой абстаноўцы, дзелавой атмасферы. Гэтак сама, як і ўсе астатнія пытанні парадку дня кансультацый.

Еўрарадыё: Ці ўбачылі вы нейкія “знакі” ад беларускіх калег, што вызваленне палітвязняў насамрэч адбудзецца бліжэйшым часам?

Андрус Крывас: Калі б мы на гэта не спадзяваліся, то, напэўна, не толькі б не ўзнімалі гэта пытанне на кансультацыях, а ўвогуле на такія кансультацыі не ішлі б. З другога боку, я не магу прыняць на сябе ніякіх абавязальніцтваў за сваіх беларускіх калег. І тую частку пытання, наконт абяцанняў і перспектыў, я быў бы схільны пераадрасаваць ім.

Еўрарадыё: Замежныя палітыкі, якія задаюць беларускім уладам вострыя і нязручныя пытанні, часам трапляюць у спіс неўязных у Беларусь. Не баіцеся, што і вас тое самае чакае пасля гэтага візіту ў Мінск?

Андрус Крывас: Калі дазволіце, я адкажу з суб’ектыўнага і персанальнага пункту гледжання: не, не баюся! Падчас кансультацый у мяне склалася ўражанне, што нашы беларускія партнёры гатовыя да дыялогу і настроеныя на сур’ёзнае абмеркаванне ўсіх пытанняў парадку дня. Як двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Літвой, гэтак і больш шырокіх адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам.



Еўрарадыё: Такім чынам, на пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам можна спадзявацца?

Андрус Крывас: Гэта складнік таго, што абавязкова з’яўляецца часткай прафесіі дыпламата: нават у самых складаных і безвыходных сітуацыях прафесія дыпламата абавязвае шукаць выйсце, якое часам знайсці немагчыма. Але яго ў выніку ўсё адно знаходзяць.

Еўрарадыё: Калі пытанні, якія вы ўзнялі, будуць вырашаны, па-іншаму можна глядзець на верагоднасць запрашэння Лукашэнкі на віленскі саміт “Усходняга партнёрства”?..

Андрус Крывас: Калі б было прасоўванне ў справе палітычных зняволеных, то гэта б сапраўды адкрыла больш шырокія перспектывы ўзаемадзеяння, чым ёсць на сённяшні дзень.

Фота: Змітра Лукашука, Еўрарадыё