МВФ сумняецца ў прагнозе ураду наконт сёлетняга эканамічнага росту

Нагадаем, урад запланаваў на бягучы год 5% росту валавага ўнутранага прадукту. Паводле слоў спадара Джарвіса, дзеля гэтага “спатрэбяцца вельмі высокія квартальныя тэмпы эканамічнага росту": "Нам складана ўявіць захады, якімі можна давесці эканоміку да такіх паказчыкаў, не “падштурхоўваючы” яе".

У той жа час ён падкрэсліў, што недасягненне паказчыка ў 5% эканамічнага росту па выніках года не будзе азначаць, што палітыка, якая праводзіцца зараз урадам і Нацбанкам, недакладная.

Крыс Джарвіс: “Мы чакаем, што эканамічны рост у гэтым годзе ў Беларусі будзе, але не на ўзроўні 5%. Таксама, згодна з нашымі прагнозамі, урад і Нацбанк маюць сродкі, каб утрымаць інфляцыю на абяцаным узроўні ў 19-22%. Калі ж адбудзецца змягчэнне грашова-крэдытнай палітыкі, абавязкова падскочыць і інфляцыя. Хаця яна ў кожным выпадку будзе не такой вялікай, як у мінулым годзе”.