Мінскае замчышча будуць аднаўляць пасля чэмпіянату па хакеі

Жых: "Праект узгоднены, ён ухвалены. Прынятае рашэнне аб пачатку працы пасля чэмпіянату. Мяркую, гэта будзе ў другой палове 2014 года, бо трэба зрабіць шмат падрыхтоўчых рэчаў. Трэба знесці будынак па адрасе Пераможцаў, 2. А каб яго знесці, трэба збудаваць новы".

Будынак, дзе цяпер месцяцца спартовыя секцыі, стаіць на Мінскім замчышчы, кажа галоўны інжынер “Мінскай спадчыны”. Гэтае прадпрыемства і выступіла замоўшчыкам праекта аднаўлення замчышча. У яго межах выведуць на паверхню частку ракі Няміга і адновяць недабудаваную царкву XII стагоддзя.

Па словах Жыха, царква размесціцца ў асобным будынку. Як раней паведамляла Еўрарадыё, вакол гэтага праекта вялося шмат спрэчак. У прыватнасці пра тое, дзе будзе знаходзіцца адноўленая царква.

Нагадаем, Мінскае замчышча XII стагоддзя — месца, на якім узнік горад. Цяпер на месцы замчышча збіраюцца стварыць гісторыка-археалагічны музей.