Міністр замежных спраў Канады: Мы расчараваныя дзеяннямі афіцыйнага Мінску
Ён падкрэсліў, што беларускія ўлады працягваюць абмяжоўваць правы і свабоды сваіх грамадзян.
Канада і далей будзе рабіць усё для таго, каб народ Беларусі мог ажыццяўляць на практыцы свае асноўныя правы — права выбара і права на атрыманне інфармацыі. Такую заяву зрабіў падчас выступу на 18-й сесіі Савета міністраў АБСЕ ў Вільні міністр замежных спраў Канады Джон Берт (John Baird).
Джон Берд: “Улады ў Мінску працягваюць абмяжоўваць правы і свабоды грамадзян Беларусі. Канада рашуча асуджае кіраўніцтва Беларусі ў сувязі з відавочнымі парушэннямі міжнародных пагадненняў у галіне асноўных свабод і верхавенства права. Мы глыбока расчараваныя з-за прымусовага закрыцця ўладамі Беларусі бюро АБСЕ ў Мінску, нашмат раней, чым яго праца была завершаная. Канада будзе працаваць з міжнароднымі партнёрамі і арганізацыямі з тым, каб дабівацца магчымасці народу Беларусі ажыццяўляць свае асноўныя правы. Мы вітаем тое, што НДА Беларусі, большасць якіх знаходзяцца ў высылцы, здолелі ўзяць удзел у форуме НДА напярэдадні канфэрэнцыі, тут у Вільні, з тым, каб іх голас быў пачуты”.