Мінчукоў заклікаюць на рэферэндум у абарону Севастопальскага сквера

Супрацоўнікі Першамайскага РАУС Мінска вынеслі папярэджанне старшыні “Еўрапейскай перспектывы” Віктару Янчурэвічу за намер жыхароў іх мікрараёна сабрацца на сход у абарону Севастопальскага сквера. Як распавёў Еўрарадыё Янчурэвіч, папярэджанне вынес намеснік старшыні аддзела прафілактыкі.

Віктар Янчурэвіч: “Сустрэўся з намеснікам кіраўніка аддзела прафілактыкі Казлоўскім, які сказаў, што ў мікрараёне з’явілася ўлётка, дзе пазначаны мой нумар тэлефона і што я з’яўляюся арганізатарам гэтага мерапрыемства. А ў сувязі з тым, што не было дазволу Мінгарвыканкама на правядзенне гэтага мерапрыемства, то яно лічыцца незаконным, яно парушае нормы закона “Аб масавых мерапрыемствах”. У сувязі з гэтым яны папярэджваюць мяне аб адказнасці ў выпадку, калі гэта мерапрыемства адбудзецца”.

Сабрацца ж жыхары аднаго з мікрараёнаў сталіцы хочуць для таго, каб стварыць ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндума аб захаванні Севастопальскага сквера. Менавіта гэта жаданне правесці рэферэндум сярод жыхароў свайго мікрараёна, мяркуе Янчурэвіч, і выклікала такую насцярожаную рэакцыю ўладаў і праваахоўных органаў. Раней абаронцы сквера збіраліся на свае сходы неаднаразова і ніколі не мелі праблем з міліцыяй.

Што тычыцца канкрэтнага пытання, якое б хацелі абаронцы сквера вынесці на рэферэндум, то яно яшчэ не сфармулявана. Але мэта яго, паведаміў Еўрарадыё Віктар Янчурэвіч, каб сквер захавалі ў сённяшніх памерах і ўсе свідравіны артэзіянскай вады працавалі і пастаўлялі якасную ваду ў кватэры мінчукоў.

Нягледзячы на папярэджанне, арганізатары не збіраюцца адмаўляцца ад сваіх планаў.